Фота Андрэя Рагінскага

12 снежня маладзечанскі гурт PARTIZANY зладзіў сольны акустычны канцэрт. Імпрэза стала першым для музыкантаў выступленнем пад новай назвай.

Гурт стварылі ў 2011 годзе навучэнцы музычнага тады яшчэ вучылішча імя Агінскага і іх сябры. Да 2020 года калектыў меў назву DSF. Гэта абрэвіятура ад італьянскага «deciso sforzando» – у перакладзе «рашуча, раптоўна гучна». Назву вырашылі памяняць, бо, як сцвярджаюць музыканты, былую назву цяжка было запомніць, а іх творчасць – складана знайсці ў інтэрнэце. Чаму менавіта PARTIZANY?

«У нейкім сэнсе, мы адчуваем сябе партызанамі музычнага руху», – заяўляюць маладзечанцы.

Андрэй Кажан. Фота Андрэя Рагінскага

Сёння ў складзе гурта іграюць бас-гітарыст Андрэй Сватко, вакаліст і гітарыст Андрэй Кажан, гітарыст Андрэй Дашкевіч і бубнач Мікалай Халадзінскі. «Акрамя музыкі, нас шмат што аб’ядноўвае. Хоць мы вельмі розныя, але ўсе ў першую чаргу сябры і музыканты, аб’яднаныя агульнай ідэяй», – кажуць удзельнікі гурта. За дзевяць год існавання калектыву склад змяняўся, у розныя часы ў гурце таксама ігралі Кірыл Бельскі і Аркадзь Казырскі (бубны), Павел Лічко (сола-гітара).

PARTIZANY прызнаюцца, што прыбытку іх музыка пакуль не прыносіла. Але, кажуць, крыху зарабляць было б някепска, бо трэба выдаткоўваць сродкі на інструменты, рэпетыцыі, дарогу, не кажучы пра запісы і кліпы. Таму кожны ўдзельнік гурта, акрамя музыкі, мае сталую працу. «Сярод нас ёсць праграміст, таксіст, былы супрацоўнік МНС, грузчык, рознарабочы», – распавядаюць музыканты.

Андрэй Дашкевіч. Фота Андрэя Рагінскага

На рахунку гурта – выступленні на разнастайных фестывалях, конкурсах, кватэрніках, у клубах і нават вулічных пляцоўках. Былі і сольныя канцэрты. Музыканты стварылі больш за 50 песень, запісалі альбом, у які ўвайшло дзесяць трэкаў. «Некаторыя нашы песні яшчэ ніколі не выконваліся публічна», – прызнаюцца PARTIZANY.

Канцэрт, які прайшоў у маладзечанскім BeerBar’ы, зладзілі досыць спантанна.

Як сцвярджа­юць музыканты, большая частка праграмы сталася імправізацыяй.

Мікалай Халадзінскі. Фота Андрэя Рагінскага

Акрамя ўласных песень, гурт выканаў уласныя інтэрпрэтацыі твораў Metallica, Radiohead, «Король и Шут» і іншых вядомых рок-камандаў. Імпрэза доўжылася каля дзвюх гадзін і сабрала некалькі дзясяткаў чалавек. Некаторыя сталі выпадковымі слухачамі – і засталіся прыемна ўражанымі, калі даведаліся, што на сцэне – не сталічныя госці з вядомым імем, а маладзечанскія хлопцы, якія ствараюць якасную музыку.

«Наша самае вялікае дасягненне – мы ўсё яшчэ трымаемся», – сцвярджаюць музыканты. Хоць і былі перыяды цішыні па некалькі месяцаў. Апошняя такая паўза расцягнулася ажно на тры гады, і зусім нядаўна з новымі сіламі PARTIZANY ўзяліся за справу.

Гледачы на канцэрце гурта PARTIZANY. Фота Андрэя Рагінскага

«Мы плануем іграць­­­ як мага больш і адкрытыя для супрацоўніцт­ва», – заяўляюць удзель­­­­нікі гурта. І заклікаюць падтрымліваць маладыя гурты: хадзіць на канцэрты, удзельнічаць у музычным руху свайго горада і Беларусі.

Дарэчы, 15 студзеня PARTIZANY стануць спецыяльнымі гасцямі «Свабоднага мікрафона» ў легендарным мінскім клубе «Графіці».

• Текст доступен на языке: Русский