Падчас святкавання. Фота Людмілы Буркевіч.

Грамадскае аб’яднанне людзей з інваліднасцю «Добрае сэрца» зладзіла навагодняе свята ў Ільі.

– Запрасілі дзяцей з інваліднасцю, што жывуць у вёсках Ільянскага і Хаценчыцкага сельсаветаў, – расказаў карэспандэнту адзін з арганізатараў ільянец Віктар Філістовіч. – Усяго па двух сельсаветах 17 такіх дзяцей. На свята змаглі прыйсці дзесяць.

Ранішнік зладзілі ў Доме культуры, работнікі якога правялі прадстаўленне. А потым былі падарункі. Тут дапамог раённы «Чырвоны крыж» на чале са Святланай Лях, абласны – на чале з Людмілай Мусянковай. Далучыўся святар з Ільянскай царквы айцец Віктар і Маладзечанскае раённае таварыства інвалідаў на чале з Васілём Тарханам.

Дзеці атрымалі ласункі і адзенне. А таму, хто не змог прыйсці, падарункі перадалі дамоў.