Помнік Азі Асланаву ў Вілейцы. Фота забяспечанае Вольгай Коласавай.

22 студзеня спаўняецца 110 год з дня нараджэння Азі Асланава, гвардыі генерал-маёра танакавых войск, двойчы Героя Савецкага Саюза, камандзіра 35-й гвардзейскай танакавай брыгады, якая 1-2 ліпеня 1944 года вызваляла Вілейку. З гэтай нагоды ў выставачнай зале Вілейскага краязнаўчага музея 22 студзеня а 15.00 гадзіне адбудзецца вечарына памяці «Генерал Азі Асланаў: памяць праз гады».

Яго ведалі многія. Асабліва вялікім аўтарытэтам ён карыстаўся ў танкавай брыгадзе, якой камандаваў. Быў ён невялікага росту, хударлявы, рухомы. Натура адкрытая, таварыская. Характэрная гаворка з каўказскім акцэнтам. Да падначаленых ставіўся проста, быў клапатлівы  і ўважлівы да іх патрэб, патрабавальны па службе. Танкісты любілі яго, клікалі бацем, захапляліся яго адвагай, уменнем у самай складанай баявой абстаноўцы прымаць верныя рашэнні.

Азі Асланаў. Фота забяспечанае Вольгай Коласавай.

Нарадзіўся Азі Ахадавіч Асланаў 22 студзеня 1910 года на поўдні Азербайджана, у горадзе Ленкарань, у сям’і рабочага цаглянага завода. У 14 гадоў  паехаў у Баку і паступіў у Закаўказскую  ваенна-падрыхтоўчую школу – вырашыў стаць кадравым вайскоўцам. Вясной 1929 года пачаў вучобу ў ленінградскай Вышэйшай кавалерыйскай школе,  пасля яе заканчэння камандаваў узводам ў Бесарабскай кавалерыйскай дывізіі імя Катоўскага.

22 чэрвеня 1941 года Азі Асланаў знаходзіўся сярод тых воінаў Чырвонай Арміі, якія прынялі на сябе першыя ўдары агрэсара. Разам з іншымі часцямі танкісты абаранялі заходнюю мяжу ў раёне горада Залачоў Львоўскай вобласці, дзе Асланаў быў паранены, але застаўся ў страі.

19 лістапада 1942 года пачалося контрнаступленне савецкіх войск пад Сталінградам. 55-ы асобны танкавы полк пад камандаваннем Асланава, разам з іншымі часцямі корпуса, прарываў край абароны. Галоўны свой подзвіг Асланаў здзейсніў у тыя крытычныя дні, калі праціўнік спрабаваў дэблакіраваць акружаную Сталінградскую групоўку. 22 снежня 1942 году быў апублікаваны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні падпалкоўніку Азі Ахадавічу  Асланаву  звання Героя Савецкага Саюза.

Вайна працягвалася. Пасля Верхне-Кумскай бітвы корпус вёў наступленне  на Паўднёвым фронце. Палкоўнік  Асланаў атрымаў прызначэнне на пасаду камандзіра 35-й гвардзейскай танкавай брыгады.

Улетку 1943 гады брыгада Асланава ў складзе 3-га гвардзейскага Сталінградскага механізаванага корпуса пад камандаваннем генерала  В. Ц. Обухава ўдзельнічала ў вызваленні левабярэжнай Украіны. Палкоўнік Асланаў, камандуючы  падраздзяленнем брыгады, быў нястомны, выяўляў вынаходлівасць і бясстрашнасць.

У хуткім часе Азі Асланаў быў накіраваны ў Акадэмію бранятанкавых і механізаваных войск. Незадоўга да заканчэння Акадэміі яму было прысвоена званне генерал-маёра танкавых войск.

Краіна ўпэўнена ішла да перамогі. Чырвоная Армія вызваліла амаль усю Украіну, Крым і перанесла баявыя дзеянні на тэрыторыю Румыніі. Да летняй кампаніі 1944 года рыхтавалася адна з самых выбітных аперацый  Другой сусветнай вайны  “Баграціён” –  вызваленне Савецкай Беларусі.

У чэрвені на адзін з участкаў 3-га Беларускага фронту прыбыў корпус пад камандаваннем генерала В. Ц. Обухава. Тут знаходзілася і 35-я гвардзейская танкавая брыгада. Праслаўленыя ў баях гвардзейцы, абагачаныя вопытам вайны, гатовыя былі да вырашэння новых задач.

2 ліпеня 1944 года  раптоўнай і імклівай атакай з маршу асланаўцы вызвалілі абласны цэнтр Беларускай ССР – горад Вілейку.

25 студзеня 1945 году быў звычайным франтавым днём. Азі Асланаў,  суправаджаемы групай афіцэраў, абыходзіў перадавыя пазіцыі. Рыхтаваліся да актыўных дзеянняў, і ён асабіста рабіў рэкагнасцыроўку паблізу г. Прыекуле ў Ліепайскім раёне. Нечакана каля танкаў, дзе стаяў генерал, разарваліся адзін за адным некалькі снарадаў. Калі да  Асланава падбеглі байцы, то ўбачылі яго ляжачым на снезе. У той жа дзень, праз пяць з паловай гадзін пасля ранення, Азі Ахадавіч Асланаў памёр.

Савецкі ўрад высока ацаніў заслугі  Азі  Асланава, удастоіўшы  яго звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”. Акрамя гэтага, Азі Асланаў узнагароджаны трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Суворава 2-й ступені, ордэнам Аляксандра Неўскага, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі “За адвагу”, “За абарону Сталінграда”, “За абарону Масквы”, “За абарону Каўказа”. Пасмяротна узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 21 чэрвеня 1991 года за  паспяховае кіраўніцтва баявымі дзеяннямі брыгады і асабісты гераізм падчас аперацыі “Баграціён”  генерал-маёр Асланаў Азі Ахад аглы ўзнагароджаны ордэнам Леніна і другі медалём “Залатая Зорка”.

Імя Азі Асланава ўвайшло ў гісторыю, пра яго подзвігі шмат напісана, зняты дакументальныя і мастацкія фільмы. У горадзе Ленкарань усталяваны помнік, адкрыты  Дом-музей, а таксама помнік у Баку на яго магіле ў Нагорным парку.  На Мамаевым кургане ў Волгаградзе ў гонар Азі  Асланава ўстаноўлена мемарыяльная пліта.

Памятаюць і шануюць імя Героя і ў Вілейцы: імем Азі Асланава названа вуліца, дакументы і фотаздымкі захоўваюцца ў фондах і змешчаны ў часовай экспазіцыі Вілейскага краязнаўчага музея. У 2009 годзе, у гонар 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў і па ініцыятыве культурна-асветніцкага грамадскага аб’яднання азербайджанцаў у Беларусі “Габустан”  ля будынка Цэнтра пазашкольнай работы па вуліцы Савецкай усталяваны помнік.