У кастрычніку 2019 года «Рэгіянальная газета» пачала цыкл гісторый пра беларусаў, якія з’язджалі на заробкі ці ў эміграцыю ў ЗША на пачатку 20 стагоддзя.

Чытайце таксама:Порт Нью-Ёрка адкрыў архіў імігрантаў. Беларусы шукаюць сваякоў, якія плавалі ў Амерыку

Чытайце яшчэ: «Ён плаваў у ЗША чатыры разы» Чытач «Рэгіянальнай газеты» распавядае, як яго прапрадзед быў на заробках у Амерыцы

Сваёй гісторыяй з «РГ» у гэты раз дзеліцца Тэрэса Бакула.

– Мой дзядуля Адам Тамашэвіч Грыганец ездзіў у Амерыку зарабляць грошы, пражыў там пяць гадоў і вярнуўся за бабуляй з дзецьмі. Яна адмовілася ехаць. Баялася акіяна, бо трэба было плысці больш за месяц, а дзяцей маленькіх было восем. Тады дзед купіў на заробленыя грошы зямлю, але неўзабаве прыватную ўласнасць адмянілі ў сувязі з прыходам савецкай улады, усё абагульнілі ў калгасы. Дзед перастаў размаўляць нават з сям’ёй да самай смерці. Не мог гэтага перажыць.

Бабулю звалі Феліцыя. Імя па бацьку не памятаю ўжо. Дзявочае прозвішча Скорая. Жылі ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. Раней гэта быў Свянцянскі павет, пазней Маладзечанскай вобласці. Дзед быў літоўцам, а бабуля полькай.

Дзед нарадзіўся ў Дзвіланях, быў бедны і прыйшоў да бабулі, якая была больш багатай, у прымакі. Сям’я была вялікая, 10 чалавек, таму сродкаў на існаванне не хапала. Вось, як і ўсе тады, дзед адправіўся на заробкі ў Амерыку з вялікім драўляным куфрам сала. Працаваў на фабрыцы ў Нью-Ёрку, добра па тых часах зарабляў. Быў моцнага целаскладу, высокага росту. Аднак, як распавядаў мне ўжо бацька, дзед казаў, што не ўсім атрымлівалася ўладкоўвацца на добрую працу. У асноўным эмігранты траплялі на брудныя, чорныя работы, куды не вельмі хацелі ісці працаваць пастаянныя жыхары.

Як склалася жыццё сям’і Грыганцоў

Бацька мой, Браніслаў Адамавіч, беларус. Раней Заходняя Беларусь была пад рознай уладай. Калі дзеці выраслі, то раз’ехаліся па ўсім свеце. Бацька, толькі адзін з братоў, і застаўся тут з дзедам. Два іншыя – Нікадзім і Іосіф – з’ехалі ў Польшчу і пражылі там усё жыццё. Сястра Станіслава выйшла замуж за ўкраінца-шахцёра, і яны з’ехалі ў Эстонію на заробкі, і там аселі назаўжды. Іншая, Яніна, асела ў Літве. Астатнія – Ірына, Марыя, Феліцыя – хто куды, па Віцебскай вобласці выйшлі замуж.