Фота sundaynews.info.

16 студзеня Эканамічны суд Мінскай вобласці разглядаў пазоў Маладзечанскага завода парашковай металургіі да «Рэгіянальнай газеты». Яна апублікавала фотаздымак, на якім кавалкі мыла былі прывязаныя вяроўкамі да крана. Спярша выказалі здагадку: так на заводзе спрабуюць пазбегнуць крадзяжоў. Але дырэктар прадпрыемства заявіў: гэта справа рук «правакатара».

Разгляд зыску аб абароне дзелавой рэпутацыі пачаўся з таго, што суддзя яшчэ раз удакладніла: ці гатовыя боку заключыць міравое пагадненне. Аказалася, не гатовыя. Адказчык, «Рэгiянальная газета», патрабаванняў не прызнае.

Прадстаўнікі завода папрасілі суд далучыць да справы інфармацыю пра тое, што за апошнія два гады «крадзяжоў на прадпрыемстве не адбывалася». Значыць, і прывязваць кавалкі мыла да ракавіны было бессэнсоўна.

– Мы не адмаўляем фота, гэта не мантаж. Фота рэальнае, – адзначае адзін з прадстаўнікоў Маладзечанскага завода парашковай металургіі. Але пры гэтым дадае, што на заводзе не крадуць, гэта мог быць нейчы жарт. – Калі б гэта было размешчана ў раздзеле «жарт» або «давайце паразважаем», а далей пайшлі каментары чытачоў, думаю, кіраўніцтва ўспрыняла б па-іншаму.

Пазоўнікі кажуць: завод дзяржаўны, яго заснавальнік – Акадэмія навук.

– Наш завод з’яўляецца пастаўшчыком камплектуючых вырабаў для выканання абароннага дзяржзаказу, у тым ліку для абаронных прадпрыемстваў РФ. І сваёй публікацыяй газета кідала цень на тое, што ў нас не толькі можна было красці мыла, але і дэталі, якія пойдуць на абарону, – кажа ў судзе другі прадстаўнік завода. – Мы ў гэтым бачым падрыў дзелавой рэпутацыі. Ўжо паступалі званкі ад прадстаўнікоў гэтых арганізацый, пыталіся: «Што ў вас адбылося?»

Пазоўнікі лічаць: прачытаўшы навіну пра прывязанае мыла, людзі падумалі, што такім чынам кіраўніцтва змагаецца з крадзяжамі. Але дырэктар Алег Тапалаў узнагароджаны рознымі граматамі, гэтай нататкай ён «атрымаў пад дых» і «на біяграфіі чалавека паставілі кляксу».

У адваката адказчыка Сяргея Зікрацкага іншае меркаванне. Фота – рэальнае, а словы «каб ня скралi» – гэта меркаванне, якое, згодна з арт. 33 Канстытуцыі, можа выказаць любы чалавек.

Абаронца Зікрацкі кажа ў судзе, на заводзе некалькі дзясяткаў чалавек на працягу года былі прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці за прагулы ці за тое, што з’яўляюцца ў нецвярозым стане. Гэта выпіска з журнала прадпрыемства.

– Можа, гэта ганіць вашу рэпутацыю? – пытаецца ў пазоўніка адвакат Сяргей Зікрацкі.

– Так, ганіць, але ў нас выйсця няма, таму што асноўная маса асоб, якія прыцягваюцца да дысцыплінарнай адказнасці, – абавязаныя асобы, якіх нам дзяржава абавязала даглядаць і песціць. Частка з іх ужо звольненая і знаходзіцца ў месцах не так аддаленых, – адказвае прадстаўнік Маладзечанскага завода парашковай металургіі.

Як распавяла ў судзе журналіст «Рэгiянальнай газеты” Зоя Хруцкага, фота прывязанага да ракавіны мыла ёй даслаў супрацоўнік заводу. Суддзя некалькі разоў спытала, «якую мэту пераследвала» журналіст, калі апублікавала гэтую навіну.

На пасяджэнні нават выступіла прыбіральшчыца завода, за 8 гадоў яна першы раз убачыла «мыла на нітачцы», раней ніколі такога не было.

Далей слова далі спецыялісту Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандру Лукашанцу. Нюанс у тым, што і завод, і цэнтр даследаванняў адносяцца да Акадэміі навук.

– Даведаўся пра гэта толькі цяпер. Ведаў бы раней, адмовіўся б удзельнічаць у пасяджэнні, – сказаў Лукашанец і запэўніў, што ў яго няма ніякай зацікаўленасці.

Прачытаўшы навіну, спецыяліст прыйшоў да высновы: словы не нясуць дадатковай ацэначнай семантыкі, ухвальнай або не, большасць сказаў абагульнена-асабовыя, няма катэгарычнага сцвярджэння і няма ніякай негатыўнай інфармацыі пра завод.

У судзе абвешчаны перапынак да 22 студзеня. Газета выставіла рахунак пазоўніку ў 1260 рублёў за паслугі адваката.

• Текст доступен на языке: Русский