На адукацыйнай мэдыя-платформе «Лятучы ўніверсітэт» з’явіўся новы дыстанцыйны курс, прысвечаны беларускім літаратарам, расстраляным бальшавікамі ў Курапатах у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Сярод іх – ураджэнец Смаргоні, яўрэйскі паэт Мойша (Майсей) Кульбак.

Адукацыйны курс сабраў напрацаванае ў межах праекта «(Не)расстраляныя», створанага ў памяць пра «чорную ноч» з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, калі НКВД беспадстаўна расстраляла больш як сотню беларускіх паэтаў, пісьменьнікаў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі.

Курс дазваляе паглыбіцца ў жыцьцё і творчасьць 18-ці літаратараў, якія загінулі падчас сталінскіх рэпрэсій. Для кожнага з літаратараў прадстаўленыя лекцыі ад гісторыкаў і літаратуразнаўцаў, песні і вершы ў выкананні музыкаў і звычайных людзей, артыкулы і фільмы пра іх, а таксама іх творы і спасылкі на кнігі.

Нагадаем, што Мойша Кульбак нарадзіўся ў 1896 годзе ў Смаргоні, вучыўся ў ешыбоце ў Валожыне.  Бываў у Кабыльніку (Нарачы), дзе жыў яго дзядуля. Кульбак – настаўнік, паэт, грамадскі дзеяч. Пісаў на ідыш вершы, празаічныя творы, п’есы.

Настаўнічаў у Коўне, Вільні, Смаргоні. У Вільні жыў доўгі час. Там ён стаў адным з самых вядомых яўрэйскіх паэтаў. Узначальваў яўрэйскі пэн-клуб. У 1928 годзе пераехаў у Мінск. Працаваў рэдактарам у Акадэміі навук.

Перакладаў на ідыш Купалу, Коласа, Гогаля, Астроўскага. Творы самога Кульбака перакладалі на іўрыт, англійскую, беларускую, нямецкую, польскую, рускую, нямецкую мовы.

Арыштаваны 11 верасня 1937 года ў Мінску па адрасе: Омскі завулак, д. 4-а, кв. 1. Асуджаны выязной сесіяй ваеннай калегіі Вярхоўнага Суда СССР 28 кастрычніка 1937 года як «член контррэвалюцыйнай трацкісцка-тэрарыстычнай арганізацыі» і за «сувязь з польскімі разведорганамі» прыгавораны да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.