Фота hvosty.ru.

Днямі аператыўнікі крымінальнага вышуку Маладзечанскага РАУС затрымалі 32-гадовага мясцовага жыхара, які абкрадаў гаражы.

Пачынаючы з восені, невядомы краў у розных неахоўных гаражных кааператывах горада. Ён зрываў навясныя замкі з дзвярэй і забіраў усё каштоўнае: электраінструмент, наборы для рамонту аўто, паліва, шыны з дыскамі, зварачнае абсталяванне, бензагенератар, ровар.

Аператыўнікі выйшлі на след падазронага і затрымалі яго ноччу каля арандаванага гаража, у якім ён захоўваў крадзенае. Мужчына вяртаўся з чарговай вылазкі і ехаў з маёмасцю з двух гаражоў. Характэрна, што некаторыя з узламаных гаражоў у тым жа кааператыве, што і гараж затрыманага.

Як распавялі ў Маладзечанскім РАУС, менш за год таму фігурант вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, дзе адбываў пакаранне за аналагічныя злачынствы. Частку выкрадзенага пакідаў сабе, астатняе прадаваў знаёмым. Следчыя распачалі крымінальную справу.

• Текст доступен на языке: Русский