Сяргей Зікрацкі. Фота БАЖ.

Юрыст Сяргей Зікрацкі лічыць, што справа «пра мыла на вяроўцы» нясе вельмі важнае значэнне для беларускай журналістыкі. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы.

«Гэта адзін з тых выпадкаў, калі працэсуальныя вызначэнні суддзі падчас працэсу значна важнейшыя для грамадства ў цэлым, чым рашэнне па справе для канкрэтных яго ўдзельнікаў», – піша адвакат.

Не магу з упэўненасцю сцвярджаць, што такіх выпадкаў не было ў беларускай журналістыцы раней, але гэтая справа – першы як мінімум у маёй немалой практыцы працы са СМІ выпадак, калі пазоўнік па справе патрабаваў у судзе ад медыя раскрыць крыніцу інфармацыі. Нагадаю, што закон пра СМІ гарантуе крыніцам інфармацыі абарону, але гэтым жа законам сказана, што медыя абавязана назваць крыніцу на патрабаванне суда або органа крымінальнага пераследу.

У самой іскавай заяве і асобна заяўленым хадайніцтве пазоўнік прасіў суд абавязаць рэдакцыю СМІ раскрыць крыніцу інфармацыі і выклікаць у суд у якасці сведкі.

«Натуральна, мы былі супраць. Калі быць абсалютна шчырымі, наша крыніца інфармацыі была гатова з’явіцца ў суд і даць паказанні. Але для нас прынцыповым было пярэчыць. Мы хацелі даказаць, што раскрыццё крыніцы інфармацыі нават на падставе пастановы суда павінна ажыццяўляцца толькі ў тых выпадках, калі гэта сапраўды неабходна для ажыццяўлення правасуддзя.

Нашы асноўныя пярэчанні зводзіліся да наступнага:

– асоба крыніцы інфармацыі не з’яўляецца прадметам даказвання па iсках аб абароне дзелавой рэпутацыі;

– нават калі выказаць здагадку, што крыніца інфармацыі можа мець доказы дакладнасцi звестак, то цяжар па доказе гэтай акалічнасці ляжыць на адказчыку. Адказчык самастойна вызначае тактыку абароны па справе, а такім чынам пазоўнік не мае права патрабаваць прадастаўлення доказаў тых абставінаў, якія не ўваходзяць у яго (пазоўніка) цяжар даказвання.

Суд у задавальненні хадайніцтва пазоўніка адмовіў. Крыніца інфармацыі не будзе раскрытая, у судзе гэтага сведку мы дапытваць не будзем. Гэта перамога».

Гэта велізарная перамога для ўсёй беларускай журналістыкі. Цяпер мы можам смялей працаваць з нашымі крыніцамі інфармацыі. Мы можам казаць ім пра гарантыі, мы можам запэўніваць іх, што нават калі зацікаўленыя асобы будуць у судзе патрабаваць раскрыцця крыніцы інфармацыі, суд будзе ўважліва ставіцца да разгляду гэтага пытання, і крыніца інфармацыі будзе раскрытая толькі тады, калі ў гэтым насамрэч ёсць пільная патрэба.