Першым музычным інструментам будучага музыканта і дырыжора Івана Канановіча быў губны гармонік. Ён аднекуль узяўся ў бацькоўскім доме ў вёсцы Схоліна, што ў Палачанскім сельсавеце на Маладзечаншчыне.

Пазней бацька прынёс сапраўдны гармонік. І ўрэшце, пераканаўшыся ў музычных здольнасцях сына, прадаў карову і набыў баян. Хоць мама не вельмі падтрымлівала тады бацьку, прыгадвае Іван Міхайлавіч. Пры гэтым ніхто з блізкіх сваякоў не іграў. Толькі стрыечны дзед – на скрыпцы.

Сёння Іван Канановіч – пенсіянер. Аднак на любімым баяне час ад часу іграе і прыгадвае сваю музычную маладосць.

Музыка гучала так, што чулі ў Груздаве

Ад 14 гадоў Іван іграў на школьных вечарынах, вучыўся на курсах мастацкіх кіраўнікоў пры Маладзечанскім музвучылішчы. Да войска працаваў культмасавіком у Палачанах. Праца падабалася. У вёсцы хлопца звалі Ванька-клубны.

– Я працу сваю любіў, і да мяне добра ставіліся ў раёне. Тагачасны загадчык аддзела культуры падарыў радыёлу «Беларусь». Каб музыка ў вёсцы гучала мацней, падключалі да радыёлы дынамік. Музыка была чуваць у суседняй вёсцы Груздава, – распавядае суразмоўца.

Бацька, Міхаіл Міхайлавіч, вельмі ганарыўся, што сын стаў музыкантам. Любіў бываць у вясковых кампаніях, дзе Іван іграў на баяне. Другім сынам ганарыўся таксама. Той, як і бацька, стаў добрым сталяром.

А ў Маладзечне ўжо чакалі жонка з дачкой

Калі прыйшоў час служыць у войску, Іван трапіў у палкавы аркестр групы Савецкіх войскаў у Германіі. Служыў у Дрэздэне. Тут застаўся пасля тэрміновай службы і прабыў дзесяць год. Завочна адвучыўся ў Маскоўскім універсітэце мастацтваў. Асвоіў духавыя інструменты – альт, валторну, барытон.

Пасля Германіі кіраваў аркестрам Лепельскага гарнізона. Рэпеціравалі па некалькі гадзін на дзень: не толькі ігралі, але і маршыравалі.

У Маладзечанскім музвучылішчы вывучыўся на дырыжора. А пасля быў Афганістан. І тут дырыжыраваў аркестрам. Пазнаёміўся з вядомымі музыкантамі, якія клікалі дырыжора ў Маскву. Але ён не паехаў. Бо на радзіме чакала жонка Вера з дачкой. І сёння Іван Міхайлавіч разам са сваёй Верай. Разам яны 35 год.

Музыка і гумар дапамагаюць па жыцці

Музыкант адыграў шмат вяселляў і юбілеяў. Да нядаўняга часу кіраваў хорам ветэранаў у Маладзечанскім Палацы культуры. Шмат гадоў спяваў у царкве дуэтам з Наталляй Карабінавай, за што вельмі ёй удзячны.

Днямі Іван Міхайлавіч адзначае 80-гадовы юбілей. Кажа, што ў жыцці яму заўсёды дапамагае музыка і гумар.

• Текст доступен на языке: Русский