Пра гэта карэспандэнту расказала жыхарка Вілейкі, экалагічная актывістка Ларыса Якавюк.

– Пакуль гэта толькі ідэя, – кажа спадарыня Ларыса. – Цяпер у межах аднаго праекта абіраюць шэсць пілотных гарадоў у Беларусі для размяшчэння такіх кантэйнераў.

Магчыма, у спіс уключаць і Вілейку. Тады такі кантэйнер з’явіцца ў адной з прыватных аптэк горда. Па словах суразмоўцы, утылізацыя пратэрмінаваных лекаў з’яўляецца вялікай праблемай.

У печку, у каналізацыю, на корм жывёле…

– Многія людзі, не ведаючы, як іх правільна выкінуць, робяць самыя неверагодныя рэчы. Напрыклад, трушчаць таблеткі і змываюць іх у каналізацыю. Ад фармацэўтычных забруджванняў ачышчальныя збудаванні не ачышчаюць сцёкі. У выніку ўсё гэта трапляе ў рэкі, грунтавыя воды, – тлумачыць суразмоўца.

А днямі жанчыне расказалі, як некаторыя эканомныя гаспадыні аддаюць пратэрмінаваныя таблеткі разам з ежай свойскай жывёле. Маўляў, каб не прападалі.

Некаторыя вяскоўцы на сустрэчы з актывістамі прызнаюцца, што такія лекі паляць у печцы. І шкодныя рэчывы выдзяляюцца ў паветра.

Як ад пратэрмінававых лекаў церпіць прырода

Як паказалі даследаванні апошніх двух гадоў, праблема забруджвання лекамі навакольнага асяроддзя ў Беларусі вельмі актуальная, кажуць спецыялісты сталічнага Цэнтра экалагічных рашэнняў. У складзе сцёкавых вод буйных гарадоў Беларусі знайшлі рэшткі гарманальных прэпаратаў, антыбіётыкаў, супрацьзапаленчых і многіх іншых лекаў. Ачышчальныя збудаванні не здольныя ўлоўліваць маленькія малекулы лекавых сродкаў.

Такім чынам, яны трапляюць у сцёкавыя вады, рэкі і могуць апынуцца ў пітной вадзе. А гэта можа негатыўна адбіцца на здароўі людзей. Фармацэўтычныя забруджвальнікі аказваюць уплыў і на навакольнае асяроддзе, асабліва на насельнікаў вадаёмаў: паніжаюцца рэпрадуктыўныя здольнасці рыб, з’яўляюцца розныя мутацыі. Асабліва шкодныя для вадаёмаў гармоны і антыбіётыкі.

Дык што рабіць?

Сістэма збору лекаў у Беларусі пакуль наладжаная слаба, адзначаюць спецыялісты. Адпаведныя кантэйнеры ёсць у Мінску, Пінску, Баранавічах. Што ж рабіць з пратэрмінаванымі лекамі? Эколагі раяць, не купляць таблеткі неабдумана, ствараючы дома вялікія запасы. Калі ж у вашым горадзе пакуль няма спецыяльнага кантэйнера, лепш выкінуць лекі ў кантэйнер з другаснай сыравінай. Але ні ў якім разе не змываць у каналізацыю.

Некаторы ж вілейчукі пратэрмінаваныя лекі не выкідаюць, а збіраюць. Спадзяюцца на тое, што ў іх горадзе ўсё ж з’явіцца адпаведны кантэйнер.

• Текст доступен на языке: Русский