Знойдзены крыж

Напрыканцы 2019 года каля напаўразбуранай прыдарожнай капліцы святога Яна непадалёк ад Вішнева, што на Смаргоншчыне, знайшлі старадаўні каваны крыж, які праляжаў у зямлі не адно дзесяцігоддзе, піша Catholic.by.

Вішневаў у нашым рэгіёне ёсць два: адно на Валожыншчыне, там служыў айцец Уладыслаў Чарняўскі і нарадзіўся Шымон Пэрэс, а другое — на Смаргоншчыне, дзе нарадзіўся кампазітар Мечыслаў Карловіч.

Прыдарожную капліцу ў гонар Яна Хрысціцеля тутэйшыя жыхары паставілі між мястэчкам Вішневам і вёскаю Галоднічы, перайменаванай бальшавікамі ў «Краснаазёрную», што прытулілася на беразе маляўнічага, чыстага і спакойнага Вішнеўскага возера.

Стромкая і велічная калісьці, капліца сёння пагражае вось-вось абрынуцца, нягледзячы на рыштаванні, што шчыльна абступілі яе з усіх бакоў…

Краязнаўцы-энтузіясты, якія займаюцца пошукам цікавых гістарычных артэфактаў, вырашылі даследаваць прылеглую да капліцы тэрыторыю. І не дарэмна: ім удалося знайсці крыж, які калісьці вянчаў культавую пабудову і на які жагналіся ўсе, хто ішоў або ехаў па гасцінцы побач.

Знойдзеную святыню з пашанаю перадалі ксяндзу Антонію Казлоўскаму, пробашчу вішнеўскай парафіі Святога Юды Тадэвуша, на тэрыторыі якой знаходзіцца капліца.

«Гэта добры знак! — радуецца святар. — Крыж знайшлі: цяпер засталося аднавіць капліцу, каб усталяваць яго на «законнае месца»».

Хутчэй за ўсё, крыж з капліцы знялі ў часы ваяўнічага атэізму, калі савецкая ўлада вяла змаганне з верай і рэлігійнымі сімваламі. А можа, хтосьці проста вырашыў яго схаваць і закапаў далей ад нядобрых вачэй, але не дачакаўся лепшых часоў, калі скончылася савецкае цемрашальства.

Нягледзячы на праведзеныя ў зямлі дзесяцігоддзі, крыж даволі добра захаваўся, а гэта сведчыць, хутчэй, на карысць версіі пра тое, што яго схавалі вернікі. Змагары з рэлігіяй звычайна не цырымоніліся і, скідваючы крыжы, іх моцна нявечылі.

Выкананы ў традыцыйнай манеры з каванага металу, крыж з капліцы святога Яна мае ў вышыню 135 см ад ніжняга завостранага канца, якім ён, хутчэй за ўсё, мацаваўся да шарападобнай драўлянай «макаўкі», і да верхняга дэкаратыўнага элементу ў выглядзе лістка, крыху загнутага (і гэта, бадай што, адзінае заўважнае на ім пашкоджанне). Шырыня крыжа ўпоперак складае 95 см.