Галоўны рэдактар "Рэгіянальнай газеты" Аляксандр Манцэвіч уручае Эдзіце Бранцэвіч фірменны парасон ад рэдакцыі. Фота Настассі Уткінай.

– «Рэгіянальная газета» – выданне, якому я аддаю перавагу. Інфармацыя тут праўдзівая, актуальная, своечасовая. Да газеты я маю найбольшы давер, – з такіх кампліментаў пачала гутарку пераможца ў намінацыі «Натхненне года» нашай акцыі «Асоба года-2019» жыхарка Смаргоні Эдзіта Бранцэвіч.

14 студзеня мы ўзнагародзілі яе ў рэдакцыі, а таксама пагутарылі пра перамогу, яе працу выхавальніцай у беларускамоўнай групе садка №8, што ў Смаргоні.

З выхаванцамі – як з каханнем

– Я падпісаная на старонку «Рэгіянальнай газеты» ў сацсетках. Заўсёды праглядаю навіны. Убачыла загаловак, што абралі асобу года. Я штогод сачу за гэтай акцыяй. Таму вырашыла пачытаць артыкул. І вельмі ўзрадавалася, калі сярод пераможцаў убачыла сябе. Апанаваў нейкі ўзнёслы настрой. На эмоцыях размясціла артыкул у сябе на старонцы, каб усе ведалі і віншавалі. Асабліва прыемна, што трапіла ў намінацыю «Натхненне года». Вельмі люблю натхняцца ад другіх людзей і цікавых ідэй і стараюся натхняць, – падзялілася Эдзіта Эдуардаўна.

Такую кампазіцыю стварыла Эдзіта Бранцэвіч за сваімі былымі выхаванцамі падчас вывучэння зімовых персанажаў беларускай міфалогіі. Фота забяспечанае Эдзітай Бранцэвіч.

Летась выхавальніца выпусціла сваю беларускамоўную групу ў школу. Расказала, што адносіны і з былымі выхаванцамі, і з іх бацькамі засталіся вельмі цёплыя.

Прызналася нават, што цяжкавата было пасля тых, ранейшых дзяцей, прывыкнуць да новай групы, сумавала.

– З выхаванцамі як з каханнем. Калі ты сапраўды кахаеш некага, то кахання на іншага ўжо не хопіць. Атрымлівалася, што новую групу мне далі, а сэрца засталося з тымі дзецьмі, – кажа суразмоўца. – Нават першага верасня ўяўляла, як мае дзеці стаяць на лінейцы, як паводзяць сябе, як хвалююцца, як мамы радуюцца, бо ведаю ж характар кожнага. Праўда, бацькі малайцы: кожнага пафатаграфавалі на лінейцы і скінулі мне фотаздымкі.

Як гэта няпроста: адпусціць былых выхаванцаў

Цяпер выхавальніца з прыемнасцю прымае водгукі бацькоў пра тое, што дзеці лепшыя ў класе па беларускай мове. А некаторыя, і ўвогуле, прыйшлі з беларускамоўнай групы з цалкам засвоенай праграмай па мове для першага класа. А яшчэ дзякуючы заняткам у садку дзеці добра ведаюць пра старажытныя беларускія замкі. І ў музеі, кажа выхавальніца, могуць нават экскурсавода здзівіць.

Эдзіта Бранцэвіч (трэцяя злева) падчас правядзення круглага стала пра стан бларускай мовы ў оэдакцыі “РГ”. Фота з архіва “РГ”.

– Урэшце прыйшла да таго, што былых выхаванцаў трэба неяк адпусціць. Пачала займацца мэтанакіраванай працай з новай групай. Наведвала кожную сям’ю, знаёмілася з бацькамі. Цікава было даведацца, з якой мэтай бацькі абіраюць беларускамоўную групы.

Такую калекцыю беларускага адзення стварыла Эдзіта Брнцэвіч са сваімі выхаванцамі летась. Фота забяспечанае Эдзітай Бранцэвіч.

Па назіраннях спадарыні Эдзіты, прычыны розныя. Хтосьці ідзе выпадкова, хтосьці менавіта да выхавальніка. Ёсць і такія, што ідуць менавіта дзеля мовы. Нават пераходзяць з іншых садкоў. Цяпер з-за будаўніцтва БелАЭС на суседняй Астравеччыне ў Смаргонь прыязджаюць людзі з іншых краін.

Таму сярод новых выхаванцаў беларускамоўнай групы ёсць і рускія, і ўкраінцы.

І суполка ў вайберы – у дапамогу

Бацькі новых дзяцей падтрымліваюць выхавальніцу з яе ідэямі. Не так даўно зладзілі выставу, на якую кожная мама зрабіла ляльку. Цацкі атрымаліся вельмі розныя і па выглядзе, і па матэрыялу. Цяпер дзеці разглядаюць іх, пра кожную прыдумваюць казку, вывучаюць матэрыял, з якога зробленая лялька.

І нават нюхаюць, бо ўнутры некаторых цацак – духмяныя зёлкі.

Вельмі дапамагае суполка ў вайберы. Інфармацыйныя стэнды ў групе ёсць таксама, але бацькі не заўсёды маюць час, каб прачытаць на іх інфармацыю. Вайбер больш зручны. Калі ёсць нейкія сучасныя вынаходніцтвы, імі варта карыстацца, лічыць выхавальніца. Нехта знайшоў добрую кніжку па беларускай мове ці развіццёвую гульню – і ў суполку.

Зацікаўленасць культурай пачалася з мовы

Заняткі, гульні, песенькі – усё ў групе па-беларуску. І ранішнікі, у тым ліку.

– Навошта вучыць дзяцей мове штодзень, калі публічныя мерапрыемствы – святы, ранішнікі – прыводзіць па-руску? – не разумее суразмоўца.

Так, добрых сцэнарыяў на беларускай мове амаль няма. Таму дзякуючы ўласным творчым здольнасцям мусіць сама і перакладаць, і рыфмаваць.

Сама Эдзіта Бранцэвіч беларускай культурай зацікавілася не так даўно, прыкладна гады чатыры таму. Якраз тады, калі пачала працаваць у беларускамоўнай групе.

– Пачалося ўсё з мовы. Захацела вывучыць жывую , не калькаваную з рускай беларускую мову, валодаць ёй больш упэўнена. Мову пачала вывучаць неразрыўна з культурай і гісторыяй Беларусі. Гэта зацягнула. А мова і культура вельмі звязаныя. Бо ў беларускай культуры ёсць такія з’явы, падзеі, якія проста немагчыма назваць па-руску.

Гэтыя выхаванцы Эдзіты Эдуардаўны – ужо першакласнікі. Фота Аксаны Ярашонак.

Часам Эдзіта Эдуардаўна чуе пытанні, чаму абрала для працы ў групе беларускую культуру і этнаграфію, а не іншы накірунак: экалагічны або эканамічны.

– Напэўна, каб узялася за экалогію ці эканоміку, у мяне б таксама атрымалася. Я наведала шмат розных добрых трэнінгаў і курсаў па маркетынгу і экалогіі. Але гэтымі тэмамі можна было б займацца і па-руску, – тлумачыць жанчына.

Адкуль у сям’і шмат педагогаў

Наша пераможца родам з Міхалішак, што на Астравеччыне. Не так даўно пачала займацца вывучэннем сваіх каранёў. Кажа, ведае яшчэ няшмат. Калі былі маладыя бабулі, нічога не пыталася. А цяпер і запытаць амаль няма ў каго.

Аксана Ярашонак, Эдзіта Бранцэвіч, Аляксандр Манцэвіч. Фота Настассі Уткінай.

Вывучаючы ўласныя карані, Эдзіта Эдуардаўна даведалася, што яе прабабуля мела дыплом педагога з Інстытута шляхетных дзяўчат, і знайшла адказ на адно важнае пытанне.

– Усё думала і ніяк не магла зразумець, адкуль у нашай сям’і столькі педагогаў.

• Текст доступен на языке: Русский