Чэмпіянат свету па скачках на батуце ў канцы 2019 года ў Токіа прынёс адразу некалькі нечаканых вынікаў. У фінал індывідуальных спаборніцтваў не прайшоў алімпійскі чэмпіён Уладзіслаў Ганчароў, але ў ліку наймацнейшых яго замяніў іншы беларус — 18-гадовы Іван Літвіновіч.

Батутыст з Вілейкі заявіў пра сябе яшчэ на юніёрскім узроўні, стаўшы чэмпіёнам Еўропы, а вось на дарослым чэмпіянаце свету спартсмен выступаў другі раз і, акрамя асабістай узнагароды — «серабра» ў індывідуальных практыкаваннях, — атрымаў «золата» ў камандным турніры і заваяваў алімпійскую ліцэнзію.

Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Вольга Уласава кажа, што за тры гады з брыдкага качаняці Літвіновіч ператварыўся ў прыгожага лебедзя, і ў яго ёсць усе шанцы паўтарыць шлях Уладзіслава Ганчарова, каб стаць алімпійскім чэмпіёнам. Пра тое, ці паедзе Іван у Токіа гэтым летам, канкурэнцыю ў беларускай зборнай і першага трэнера-маму ён расказаў у сваім інтэрв’ю.

Іван на п’едэстале чэмпіянату свету.
Фота zviazda.by.

— Да чэмпіянату свету здавалася, што самы важны турнір у маёй кар’еры — юнацкія Алімпійскія гульні, — пачынае размову Іван. — Але цяпер ужо гэта, вядома, планетарнае першынства. Калі ляцелі ў Токіа, разлічваў дайсці да фіналу, для мяне гэта ўжо было б поспехам, але калі трапіў туды, думаў ужо пра іншае: як бы ўтрымаць другое месца. Дзякуй богу, атрымалася.

— Для вас было нечакана, што лідар нашай каманды не кваліфікаваўся ў фінал?

— Так, гэта было здзіўленнем. Я нават трохі пачаў панікаваць, таму што застаўся ў фінале адзін. На папярэднім чэмпіянаце свету мы абодва трапілі ў вырашальны раўнд, і тады Улад мяне вельмі падтрымліваў, супакойваў, а цяпер я адчуваў сябе крыху не ў сваёй талерцы.

— Што на чэмпіянаце свету было даражэйшае для вас: «золата» ў камандным турніры або індывідуальнае «серабро»?

— Вядома, «серабро», бо на Алімпіядзе прадстаўлена толькі індывідуальная праграма, ні камандных, ні сінхронных спаборніцтваў там няма. Прыемна таксама, што атрымалася ўзяць алімпійскую ліцэнзію для Беларусі: калі я прайшоў у фінал, супакойваў сябе тым, што ёсць хоць гэтая пуцёўка — ужо штосьці, прыеду не з пустымі рукамі.

— На п’едэстале вы размясціліся паміж двума кітайцамі. Ці прыемна выйграць у чатырохразовага прызёра Алімпійскіх гульняў Дон Дона?

— Я наогул не думаў пра яго, калі выступаў, а вось калі мы ўжо стаялі на п’едэстале, я апынуўся побач са сваім кумірам Гао Леем, які выйграў «золата», падумаў: вось нарэшце будзе сумеснае фота. Але паўтаруся, скачучы, я не звяртаю ўвагі на сапернікаў, успрымаў гэта як трэніроўку.

— Пасля поспеху на чэмпіянаце свету ў вашым жыцці нешта змянілася?

— У трэніровачным працэсе не, адзінае, што змянілася, — гэта тое, што пачалі тэлефанаваць журналісты і пісаць пра мяне (смяецца).

— Якія задачы стаяць перад беларускай камандай у 2020 годзе?

— У нас будуць чатыры этапы Кубка свету, чэмпіянат Еўропы і Алімпіяда, пакуль рыхтуемся да гэтых стартаў, таму да Гульняў у Токіа ў нас вельмі шчыльны графік.

— Атрымліваецца, што алімпійскую ліцэнзію заваявалі вы, а адправіцца ў Токіа можа і іншы спартсмен. Гэта крыўдна?

— Пакуль што ў нас усяго адна ліцэнзія, але Улад Ганчароў можа зарабіць яшчэ адну на этапах Кубка свету, тады на Алімпіядзе выступяць два беларусы. Хто паедзе туды, вырашыць трэнер, і мне здаецца, адбор будзе праходзіць па гэтых этапах Кубка свету і чэмпіянату Еўропы. Да таго, што ліцэнзія можа быць не мая, раней ставіўся спакойна, думаў, што на Гульні павінен паехаць самы дасведчаны спартсмен, таму што я магу і разгубіцца. А цяпер ужо лічу, што можна пастарацца і пазмагацца за права на пуцёўку, не хочацца аддаваць яе нікому.

— Вы заявілі пра сябе яшчэ на юніёрскім узроўні, але дарослыя старты — гэта ўсё ж такі іншае. Пераход у асноўную каманду быў складаны?

— У нашу каманду не, а вось выступаць на дарослых спаборніцтвах побач са сваімі кумірамі было цяжка. Летась мне яшчэ не хапала тэхнікі, цяпер усё гэта з’явілася, стала прасцей. У беларускай камандзе мяне прынялі добра, спакойна. Улад Ганчароў — нумар адзін, і яго нічога не хвалюе, у Алега Рабцава я неяк пытаўся, калі толькі пачынаў скакаць, ці баіцца ён канкурэнцыі. Алег адказаў, што не, баяцца няма чаго, але зараз ужо не ведаю, ці адказаў бы ён гэтаксама.

— Пад кіраўніцтвам Вольгі Уласавай вы працуеце ўжо чацвёрты год. Як складваюцца ўзаемаадносіны з ёй?

— Спачатку было цяжка, я яе пабойваўся. Любое слова Вольгі Анатолеўны — закон, а цяпер ужо можна дзесьці паспрачацца, праўда, яна ўсё роўна хутка паставіць на месца. Але, магчыма, прыслухаецца. Вольга Анатолеўна прамалінейная, нічога не баіцца сказаць у вочы, і гэта вельмі класна, настойлівая, можа быць і мяккай і цвёрдай, часам здаецца, што яна бачыць свет па-іншаму. Напэўна, гэта і ёсць яе сакрэт поспеху.

— Вы пачалі займацца скачкамі на батуце ў родным горадзе і ўжо з’яўляецеся самым тытулаваным прадстаўніком спартыўнай школы ў Вілейцы…

— Пачынаў я наогул са скачкоў на дарожцы, займаўся ў мамы акрабатыкай, яна ў мяне трэнер. Працуе з дзецьмі ў роднай школе і сёння. Потым, як расказвала мама, праходзілі нейкія спаборніцтвы, майму першаму трэнеру па скачках на батуце не хапала аднаго хлопчыка, якраз майго ўзросту, вырашылі паспрабаваць мяне. Падрыхтавалі літаральна за пару дзён, проста для каманды, а потым неяк так і зраслося, я застаўся. Мама прынесла мяне ў залу ў два ці тры месяцы, калі сама выйшла на работу. Калі б не яна, я ўжо даўно завяршыў бы са спортам, яна мяне ўвесь час прымушала займацца. Не магу сказаць, што спорт не прыцягваў, але хацелася пагуляць з сябрамі, а ў самы цікавы момант тэлефанавала мама і казала, што трэба на трэніроўку. Я выдумляў, што трэба рабіць шмат урокаў у школу, але яна ўсё гэта разумела, прыязджала і забірала мяне. Цяпер бы ўжо сказаў, што мама-трэнер — гэта плюс, а тады лічыў наадварот. Сёння разумею, што яна ўсё правільна зрабіла, і ўдзячны ёй за тое. Дарэчы, цяпер кінуць спорт нават думак не ўзнікае, не хачу нічога мяняць у сваім жыцці.

— Як мама рэагавала на вашы першыя поспехі?

— Поспехі з’явіліся не адразу, я займаўся батутам з васьмі гадоў, да шаснаццаці ніякіх вынікаў не паказваў. У краіне мог быць трэці, вельмі часта чацвёрты і вельмі рэдка другі. Калі перайшоў да Вольгі Уласавай, усё стала атрымлівацца. Што датычыцца мамы, яна заўсёды казала, што ў мяне ёсць усё для поспехаў у спорце, але ведаю дакладна, што мама не глядзела ў прамым эфіры ні адны мае спаборніцтвы. Затое потым, калі ўсе ўжо выступяць і яна ведае вынік, пачынае крытыкаваць. Часцей за ўсё прапускаю гэта міма вушэй, яна ж не трэнер па батуце. Але пасля «серабра» на чэмпіянаце свету мама сказала, што ёй спадабалася выступленне, «касякоў» не было.

— Пасля паспяховага чэмпіянату свету вы прыязджалі ў сваю родную спартыўную школу. Як вас там сустрэлі?

— Мне заўсёды прыемна туды вяртацца. Стараюся не паказваць гонар за свае перамогі, але там так не атрымліваецца, таму што маленькія дзеці глядзяць на мяне ўжо як на чэмпіёна. Нават не па сабе робіцца. Трэнеры спакойна павіншавалі мяне, дырэктар быў вельмі рады, ён глядзіць кожную трансляцыю, хварэе, перажывае. Кажуць, што пасля майго «серабра» на чэмпіянаце свету бацькі прывялі на секцыю некалькі новых дзяцей (усміхаецца). Гэта прыемна, таму што дзіцячыя групы ў параўнанні з тым, што было, калі пачынаў займацца я, зменшыліся. Дзеці сталі іншыя, калі штосьці не атрымліваецца, адразу сыходзяць, і бацькі не настойваюць, каб тыя працягвалі заняткі.

— Што для вас сёння найбольш складанае ў спорце?

— Мне не хапае цярпення. Цяпер, напрыклад, трэба худзець, каб лягчэй было скакаць. Я нічога не ем, атрымліваецца, ад гэтага не сплю, а стомленасць назапашваецца. Калі штосьці не атрымліваецца шмат разоў, пачынаю выходзіць з сябе, псіхаваць, не хачу скакаць. Пачынаю рабіць нейкія іншыя элементы, праз гэта мяне могуць выгнаць з трэніроўкі. Я разумею свае памылкі, потым прашу прабачэння ў трэнера.

— У камандзе ёсць псіхолаг, не працуеце з ім над гэтай праблемай?

— Цяпер не, пакуль у мяне няма жадання.

— Пасля дзясятка гадоў трэніровак страх вышыні застаецца?

— Калі вучыш новы складаны элемент, адчуваеш нейкую невядомасць і ад гэтага баішся, але варта адзін раз паспрабаваць і страху ўжо няма — узнікае цікавасць.

— Часта батутысты адзначаюць, што скачкі становяцца наркотыкам.

— Гэта праўда, тыдзень можаш адпачыць, а потым ужо разумееш, што трэба скакаць. Гэта як смага. Калі робіш новыя складаныя элементы, атрымліваеш адрэналін.

— Скачкі на батуце — досыць траўманебяспечны від спорту…

— Аднойчы я зламаў сківіцу сваім жа каленам. Прызнаюся, не чакаў, усе звычайна ламаюць рукі, ногі. Я проста рабіў элемент, расслабіўся, апусціў галаву і ўбачыў, што калена ляціць у твар. Спачатку ўсміхаўся, а сківіца не злучалася — прыкольна. Потым убачыў маму ў слязах, яна плакала і смяялася адначасова.

Беларуская каманда ў складзе Івана ЛІТВІНОВІЧА, Уладзіслава ГАНЧАРОВА  і Алега РАБЦАВА.
Беларуская каманда ў складзе Івана ЛІТВІНОВІЧА, Уладзіслава ГАНЧАРОВА і Алега РАБЦАВА. Фота zviazda.by.

— Якія рысы характару дапамагаюць вам дамагацца поспехаў?

— Настойлівасць: калі я сказаў, што павінен зрабіць які-небудзь элемент, значыць, павінен прыйсці і зрабіць. Не выйду з залы, пакуль трэнер не прагоніць. Пасля Алімпіяды ў Рыа пачаў сачыць за Уладам Ганчаровым, бо мы трэніруемся разам. Стаў пераймаць у яго нейкія рысы характару, глядзець, як ён робіць нейкія элементы. Запомню, паспрабую — і разумею, што так сапраўды лягчэй. Таму ў чымсьці, нават па рысах характару ў зносінах, мы становімся з ім падобныя.

— Якіх вышынь вы марыце дамагчыся ў спорце?

— Хацелася б выйграць усе самыя прэстыжныя спаборніцтвы, такія, як Кубак свету, чэмпіянат свету, чэмпіянат Еўропы, а потым, вядома, Алімпіяду. Хоць бы проста пабываць на п’едэстале Гульняў. Нібыта ў мяне ўсё для гэтага ёсць — класны трэнер, батут, але некаторыя важныя моманты я выпускаю — і тэхнічныя, і эмацыянальныя. Трэба падцягнуць псіхалогію, таму што пакуль я сам — галоўны вораг для сябе.

— Чым любіць займацца Іван Літвіновіч па-за межамі спорту, дзе яго можна сустрэць?

— Раней любіў пасядзець у гаражы, калупацца ў машынах, матацыклах: мне здаецца, калі б не спорт, то менавіта з гэтым і звязаў бы сваё жыццё. Цяпер вольны час — гэта ўніверсітэт, кожны выхадны я там. Вучуся ў БДУФК на трэнера і часам думаю: лепш бы пайшоў у армію (смяецца). Вельмі складана. Цяжэй за ўсё даецца анатомія, трэба вывучыць кожную костачку, кожную ямку.