Вячаслаў Герашчанка. Фота by.tribuna.com.

Вячаслаў Герашчанка афіцыйна стаў трэнерам смаргонскай каманды. Працоўныя дамовы са спецыялістам разлічаныя да канца 2020 года.

З першых дзён працы ў «Смаргоні» новы трэнер заняўся камплектаваннем новага складу смаргонскай каманды. Па папярэдніх дадзеных, да старту футбольнага чэмпіянату ФК «Смаргонь» правядзе 13 таварыскіх гульняў. Першы спарынг запланаваны на 1 лютага.

Гуляў у Беларусі, Расіі і нацыянальнай зборнай

Вячаслаў Герашчанка родам з Магілёва. Там пачынаў прафесійную футбольную кар’еру – у магілёўскім «Дняпры» ў 1988 годзе ў амплуа паўабаронцы. У 1992 годзе разам з клубам «Дняпро» стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату Беларусі. За сем год у беларускім футболе змяніў чатыры клубы. Пасля «Дняпра» гуляў за два магілёўскія – «Сельмаш», «Тарпеда». Таксама абараняў колеры бабруйскага «Шынніка».

У 1995 годзе з’ехаў гуляюць у Расію. У «Чарнаморцы» з Новарасійска правёў чатыры сезоны. У 2000-м падпісаў кантракт з маскоўскім ЦСКА, аднак згуляў за каманду толькі дзевяць матчаў. Герашчанка завяршыў 2000 год у складзе мазырскай «Славіі», з якой стаў чэмпіёнам Беларусі. Пасля гуляў за «Уралан» і «Нафтан». Скончыў кар’еру ў другой лізе ў складзе магілёўскага «Савіта».

Герашчанка ад 1997 да 2004 года выступаў за нацыянальную зборную Беларусі. За галоўную каманду краіны футбаліст правёў 19 гульняў.

Пачатак трэнерскай кар’еры

У 2006 годзе пачаў трэнерскую кар’еру ў магілёўскім «Савіце». Пасля спынення існавання клуба перайшоў у 2009-м на працу ў БАТЭ, дзе быў трэнерам каманды дублёраў.

У верасні 2011 года Герашчанку прызначылі галоўным трэнерам магілёўскага «Дняпра». На той момант клуб займаў апошні радок турнірнай табліцы вышэйшай лігі. Герашчанка не змог выправіць сітуацыю, нават нягледзячы на тры перамогі ў апошніх турах. Такім чынам, «Дняпро» апусціўся ў першую лігу.

У наступным сезоне «Дняпро» гарантаваў вяртанне ў элітны дывізіён. Такім чынам, праз 20 гадоў ужо ў якасці галоўнага трэнера стаў чэмпіёнам Беларусі (толькі ў першай лізе) з адным і тым жа клубам. У сезоне-2013 магілёўская каманда паказала нестабільную гульню, таму Герашчанка пакінуў пасаду галоўнага трэнера.

Катэгорыя PRO і легіянер-трэнер на паўгода

У 2015 годзе ўвайшоў у трэнерскі штаб «Оршы». У студзені 2015 года атрымаў трэнерскую ліцэнзію катэгорыі PRO. У пачатку 2016 года стала вядома, што Герашчанка папоўніць склад новага трэнерскага штаба бабруйскай «Белшыны» ў якасці галоўнага трэнера дубля. У красавіку таго ж года яго прызначылі выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера. Заставаўся на гэтай пасадзе да ліпеня.

У жніўні 2016 года стаў галоўнам трэнерам «Ліды», якую прывёў да шостага месца ў першай лізе. У тым жа годзе ўзначаліў «Гомель». Па выніках сезона-2017 каманда заняла дзясятае месца ў вышэйшай лізе. У снежні таго ж года прадоўжыў кантракт з гамяльчанамі, але наступны сезон атрымаўся няўдалым. Таму ў маі 2018-га Герашчанка па пагадненні бакоў пакінуў клуб.

У студзені 2019 года зноў узначаліў «Ліду». Аднак у ліпені разарваў кантракт па пагадненні бакоў і неўзабаве стаў галоўным трэнерам літоўскага клуба «Паланга». У верасні 2019 года пакінуў літоўскую каманду. У снежні стала вядома, што «Палангу» панізілі ў класе з-за дамоўных гульняў, аб гэтым паведаміў «Прэсбол».