Міхась Забэйда-Суміцкі нарадзіўся ў чэрвені 1900 года ў вёсцы Шэпічы Косаўскага павета. Цяпер гэта тэрыторыя Брэсцкай вобласці. Яго бацькі Іван Забэйда і Аляксандра Суміцкая былі беззямельнымі сялянамі.

Цяжкая праца ў панскім маёнтку чаргавалася з навучаннем у школе, а затым – у царкоўнапрыходскім вучылішчы. У гэтым час Міхась саліраваў у царкоўным хоры, навучыўся іграць на балалайцы, мандаліне, гітары, гармоніку, засвоіў скрыпку.

Імкненне вучыцца прывяло юнака ў Маладзечанскую настаўніцкаю семінарыю. У 1918 годзе Міхась атрымаў педагагічную адукацыю.

Падчас грамадзянскай вайны ў 1920-м Забэйда-Суміцкі апынуўся ў Кітаі. Ён некалькі год правёў у Харбіне, выкладаў у школе. Каб працягваць браць урокі спеваў, яму трэба было адмовіцца ад працы ў школе. Аднак Міхась вырашыў яшчэ паступіць на юрыдычны факультэт мясцовага ўніверсітэта.

Фота pahonia.cz.

У 1929 годзе Міхась выступіў на сцэне як прафесійны спявак. У Харбінскім оперным тэатры выканаў арыю Ленскага ў оперы Чайкоўскага «Яўгеній Анегін». На працягу трох гадоў ён выступаў у харбінскай оперы. Крытыка добра прыняла маладога спевака, ён паверыў у сябе і захацеў удасканаліць свае здольнасці.

У 1932 годзе пераехаў у Італію, працаваў з вядомымі опернымі тэатрамі Еўропы і спяваў на 16 мовах.

У 1935 годзе вяртаецца ў Беларусь, таму што прыходзяць звесткі пра маці, якая моцна хварэе і хоча яго ўбачыць. Яго першы канцэрт на радзіме адбыўся ў Ружанах. У канцэрце сярод класічных твораў прагучала і беларуская калыханка, якую калісьці спявала яго маці.

На 1935 – 1936 гады заключыў кантракт з Пазнаньскім оперным тэатрам. Там спяваў усё па-польску. Адносіны дырэктара оперы з Міхасём Іванавічам былі не лепшыя. Канфлікт паўстаў на глебе нацыянальнага пытання: Міхась Забэйда-Суміцкі не жадаў называць сябе польскім спеваком, прызнаючы толькі адно права – звацца беларускім.

Спявак пераехаў у Варшаву, дзе займаўся і нацыянальна-асветніцкай дзейнасцю. Вясной 1940 года пераехаў у Прагу, дзе і правёў усё жыццё. Ён займаўся музыкай, сабраў багаты архіў з бібліятэкай, якую, паводле запавету, пакінуў Беларусі. Памёр у Празе 21 снежня 1981 года.