Статус абласнога цэнтра горад Маладзечна атрымаў пасля вайны – у 1944-м. Маладзечанская вобласць праіснавала даўжэй за ўсіх, з тых, якія зніклі, – да 1960-га.

Сюды як у абласны цэнтр прыязджалі і жыхары Валожынскага раёна, і Ашмянскага, і Браслаўскага – усяго ў склад вобласці ўваходзіла 20 раёнаў. На ўездзе ў цэнтр Маладзечна стаяла арка, пабудаваная яшчэ палякамі. А на цэнтральнай плошчы за год да скасавання вобласці яшчэ планавалі пабудаваць будынак для аблвыканкама. Разам з краязнаўцам Уладзімірам Садоўскім TUT.by прагуляўся па горадзе, каб паглядзець, што сёння нагадвае аб былым статусе абласнога цэнтра.

Маладзечна – адна з найбуйнейшых вузлавых станцый не толькі Мінскага аддзялення, але і ўсёй Беларускай чыгункі.

— Маладзечанская вобласць праіснавала 16 год, гэта самы працяглы тэрмін існавання буйной альтэрнатыўна-тэрытарыяльнай адзінкі ў пасляваеннай гісторыі БССР, — кажа Уладзімір Садоўскі. — За гэты час горад моцна змяніўся. Была пабудаваная новая цэнтральная плошча, забудова якой павінна была адпавядаць абласному цэнтру. Вырас парк, з’явіліся новыя вуліцы і раёны. Рост насельніцтва быў экспаненцыяльны. Паводле генплана 1947 года, улады планавалі да 1960 года выйсці на 40 тысяч жыхароў, фактычна колькасць павялічылася ледзь не да 60 тысяч. Людзі з вёсак пераязджалі ў горад. Напрыклад, мае бабуля і дзядуля прыехалі з Вілейскага і Глыбоцкага раёнаў, сустрэліся ў Маладзечне — такая ж гісторыя ў многіх мясцовых сем’яў.

Як чыгунка дапамагла Маладзечну

Маладзечанскага вобласць з’яўляецца ў 1944 годзе. У 1954-м скасавалі некалькі абласцей, і частка райцэнтраў адышла пад кіраванне Маладзечна – вобласць вырасла да 20 раёнаў: Браслаўскі, Відзаўскі, Вілейскі, Валожынскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дунілавіцкі, Івянецкі, Крывіцкі, Мёрскі, Маладзечанскі, Мядзельскі, Астравецкі, Ашмянскі, Пліскі, Пастаўскі, Радашкавіцкі, Смаргонскі, Шаркаўшчынскі, Юрацішкаўскі. Гарадамі абласнога падпарадкавання былі Маладзечна і Вілейка.

Будынак чыгуначнага вакзала быў узведзены ў пачатку XX стагоддзя. Фота: з асабістага архіва Уладзіміра Садоўскага.

У пачатку 1950-х у Маладзечне дзейнічала каля 20 прамысловых прадпрыемстваў, сярод іх: хлебакамбінат, мясакамбінат, гармалзавод, мэблевая фабрыка, швейная фабрыка, электрастанцыя, абутковая фабрыка, абласная друкарня і іншыя.

Краязнаўца Уладзімір Садоўскі.

— Пасля таго як Маладзечна стала абласным цэнтрам, кіраўніцтва горада сядзела ў былым польскім гарнізоне, у раёне Гелянова. Падчас вайны горад быў істотна разбураны, але гэты квартал захаваўся, хоць на некаторых будынках былі сляды баёў. Такім чынам, чыноўнікі сядзелі ў вялікіх былых казармах, — распавядае Уладзімір Садоўскі. — Сёння ў гэтых памяшканнях знаходзяцца аўдыторыі медыцынскай вучэльні, але на будынку дагэтуль вісіць шыльда, што тут Пётр Машэраў кіраваў абласным камсамолам. Таму і вуліца названая ў яго гонар.

Абласны тэатр знаходзіцца ў былым Доме культуры, які, у сваю чаргу, размясціўся ў былым Доме адпачынку польскіх афіцэраў.

У гэтым жа раёне знаходзіўся і абласны Дом культуры, дзе цяпер размешчаны абласны драмтэатр.

— Да пытання, што ў нас засталося ад вобласці, — назвы некаторых установаў: абласны драматычны тэатр, абласны краязнаўчы музей. А яшчэ «Маладзечанскія электрычныя сеткі», якія былі ўтвораныя ў пачатку 1940-х, захопліваюць тыя раёны, якія ўваходзілі ў Маладзечанскую вобласць да 1954 года — Валожынскі раён, Мядзельскі і Вілейскі.

Краязнаўца кажа: нягледзячы на тое, што Маладзечна страціла статус абласнога цэнтра 60 гадоў таму, мясцовыя жыхары да гэтага часу выкарыстоўваюць гэты аргумент у спрэчках з жыхарамі суседніх райцэнтраў на тэму, дзе жыць лепш. Асабліва з жыхарамі Вілейкі.

— Ёсць такое адчуванне, маўляў, мы перамаглі Вілейку, бо ў 1944 атрымалі статус абласнога горада, а Вілейка яго згубіла. Нават ёсць такое выслоўе «Ці ты дурны, ці ты з Вілейкі», але гэта жарт, сур’ёзных канфліктаў, вядома ж, няма, — тлумачыць Садоўскі. — На працягу ўсёй гісторыі быў Вілейскі павет, а ў нас нейкая вёсачка Маладзечна ў Вілейскай вобласці. І потым Вілейская вобласць, а ў нас — раён у Вілейскай вобласці. Але ўжо пасля вайны, калі Вілейскую вобласць скасавалі, узнікла Маладзечанская вобласць. Паступова сюды пачалі ўлівацца сродкі. Вялікі ўплыў мела чыгунка. У Вілейцы ж адна ветка ідзе праз горад, няма вузла — няма развіцця. Дарэчы, першапачаткова планавалі правесці другі вузел праз Смаргонь. Тады невядома, што было б з Маладзечнам.

Маладзечна пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Фота: з асабістага архіва Уладзіміра Садоўскага.

Чыгунка з’явілася ў Маладзечне ў канцы XIX стагоддзя, злучыўшы Мінск і Вільню. У пачатку XX стагоддзя праз станцыю прайшла лінія Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1907 пабудавалі будынак вакзала ў стылі мадэрн, які захаваўся да нашых гадоў. Дзякуючы чыгуначнаму вузлу вырасла эканамічная прывабнасць горада. Сёння Маладзечна – адна з найбуйнейшых вузлавых станцый не толькі Мінскага аддзялення, але і ўсёй Беларускай чыгункі. Ад станцыі цягнікі ідуць па чатырох кірунках: на Вільню, Мінск, Ліду і Полацк.

Гандаль на плошчы Старое Места быў і «за Польшчай», і «за Саветамі». І сёння не спыняецца.

— Вакол чыгуначнай станцыі пачалося развіццё, — кажа Уладзімір Садоўскі. — Дзякуючы чыгунцы эканоміка развівалася. З’явіліся новыя будынкі, звязаныя з вытворчасцю — напрыклад, друкарня «Перамога». Калі тэрыторыя адышла палякам, Маладзечна ў 1926 зрабілі цэнтрам павета, у 1929-м выйшаў загад даць мястэчку статус павятовага горада, у 1944 годзе — абласным цэнтрам, — такі вось прарыў. У 1960 годзе, з ліквідаваннем вобласці, адбыўся адкат.

За некалькі гадоў да скасавання вобласці планавалі пабудаваць універсітэт

Уладзімір Садоўскі лічыць, што ва ўладаў не было дакладнага плана пра планамернае скасаванне Маладзечанскай вобласці. Наадварот, у 1956 годзе быў падрыхтаваны генеральны план горада, па якім хацелі адкрыць у Маладзечне педагагічны універсітэт і іншыя аб’екты абласнога значэння.

Скульптуру Леніна ў Маладзечне ўсталявалі ў 1956 годзе, ён стаіць перад Домам саветаў, які з 1960-х гадоў, пасля скасавання вобласці, аддалі пад палітэхнікум.

— Я знайшоў праект будынка новага аблвыканкама, які датуецца 1959 годам, хоць у пачатку 1960-га Маладзечна страчвае статус абласнога горада. У цэнтры горада знаходзіўся Дом саветаў, у ім пасля ўзбуйнення размясціўся палітэхнікум. Будынак аблвыканкама планавалася пабудаваць побач, ёсць нават фота агароджанай тэрыторыі, але далей за планы справа не пайшла. У 90-я там былі кіёскі, цяпер на гэтым месцы знаходзіцца стаянка, але там плануюць пабудаваць новы ЗАГС.

Так выглядала Цэнтральная плошча ў 60-я. Фота з фондаў Маладзечанскага краязнаўчага музея (аблічбоўка Я. Стэльмаха).

— Ёсць тэорыя, чаму пасля вайны было так шмат абласцей. Сталін думаў, што на мяжы з Еўропай трэба зрабіць больш цэнтраў, у якіх можна было мацаваць абарону, за кожны можна было б чапляцца, значыць, каб гарады развіваліся не толькі ў эканамічным плане, але і ў абарончым. Узбуйненне — гэта ўжо Хрушчоўская тэма. Рацыяналізацыя бюракратычнага апарату. Кожная вобласць павінна была мець увесь склад чыноўнікаў, а Хрушчоў на пачатку сваёй кар’еры рабіў намаганні ў бок аптымізацыі. Спачатку ж аб’ядноўвалі раёны. Нават у межах Маладзечанскай вобласці, якая на той момант была ўжо вялікай, бо пасля скасавання Полацкай вобласці ў 1954-м частка раёнаў адышла пад нашу вобласць, было ўзбуйненне раёнаў – раней жа і Радашкавічы былі райцэнтрам.

Так выглядала арка ў раёне Гелянова, дзе ў былых салдацкіх казармах засядалі чыноўнікі Маладзечанскай вобласці. Фота з асабістага архіва Уладзіміра Садоўскага.

Побач з політэхнічным каледжам з 1956 года стаіць помнік Леніну, але плошча, насуперак савецкай традыцыі, называецца Цэнтральнай. У Маладзечне была самая буйная кампанія па дэсаветызацыі тапанімікі ў 90-я гады. Мясцовыя жыхары кажуць, што Леніна ўвогуле хацелі прыбраць, але абурыліся ветэраны. Да таго ж гэта праца вядомага скульптара Заіра Азгура, таму помнік аднесены да гісторыка-культурнай каштоўнасці. У цёплы час года студэнты суседняга каледжа часта тусуюцца ля Леніна. У выхадныя тут катаюцца на самакатах і скейтах, зіма ў гэтым годзе такая цёплая, што пару спартсменаў сустрэлі і мы.

А вось так выглядае гэты ўчастак цяпер. Арку знеслі ў 1960-х, каб пашырыць дарогу на Валожын.

— Настолькі аб’ёмнай дэсаветызацыі, як у Маладзечне, не было ні ў адным іншым горадзе. У пачатку 90-х была створана камісія пад эгідай кіраўніка горада Генадзя Карпенкі, — распавядае краязнаўца. — Трэба сказаць, шмат вуліц, названых у гонар савецкіх дзеячаў, такімі і засталіся. Іх пакінулі, бо гэтыя дзеячы былі звязаныя з горадам: напрыклад, Машэраў, Валынец, Прытыцкі. Сярод насельніцтва праводзілася апытанне наконт перайменавання вуліц, большасць ухвалілі ініцыятыву, ніякіх пратэстаў не было. І цяпер мясцовыя ўжо і не помняць тых савецкіх найменняў.

Кінатэатр «Радзіма» быў пабудаваны ў часы Маладзечанскай вобласці. Фота з асабістага архіва Уладзіміра Садоўскага.

Яшчэ адна асаблівасць Маладзечна – новая ўлада не перабудоўвала існуючы цэнтр горада, а стварала яго ў новым месцы.

Нават сёння гэта адзіны кінатэатр у амаль 100-тысячным горадзе. Таблічка «Родина» з’явілася пасля рэспубліканскіх Дажынак ў 2011 годзе, раней назва была на беларускай – «Радзіма».

— Расійская ўлада будавала цэнтр у раёне вакзала. Прыйшлі палякі, працягнулі будаўніцтва на тым жа месцы, але пачалі забудоўваць і раён Гелянова. Пасля прыйшлі саветы, замацаваліся і ў 1944-м выбралі новае месца для новага цэнтра — па ўспамінах, там былі паплавы, дзе людзі касілі траву для кароў. Адна з першых пабудоваў савецкіх уладаў у Маладзечне як абласным цэнтры — школа і райвыканкам, у 1947 годзе. Сённяшняя мясцовая ўлада пераважна сядзіць у гэтым будынку, у 80-я быў дабудаваны шматпавярховы корпус. Яшчэ адна адметнасць — на скрыжаванні на цэнтральнай плошчы, дзе сядзела партыйная наменклатура і абласная ўлада ў Маладзечне, да 1960-х гадоў стаяла скульптура «Тры крыжы», якую палякі ўстанавілі ў 1937 годзе. А ў Гелянове была арка, побач з дамамі, дзе за палякамі жылі афіцэры, а за саветамі жылі чыноўнікі. Арку гэту ў пачатку 1960-х знеслі – пашыралі дарогу на Валожын.

Цэнтр Маладзечна ссоўваецца ў Мінск

Мы праязджаем міма прыватнай забудовы. Уладзімір кажа, што гэта таксама напамін пра «часы Маладзечанскай вобласці».

Такой маштабнай дэсаветызацыі тапанімікі, як у Маладзечне, не было ні ў адным іншым беларускім горадзе.

— Гэта вёска Бухаўшчына, цяпер гэта працяглая вуліца, дзе часткова захавалася брукаванка. Горад захапіў вёску ў свае межы, але пакуль што не пераварыў яе. Яшчэ ў 1947 годзе савецкія ўлады планавалі тут пабудаваць шматпавярховыя дамы.

Будынак райвыканкама пабудавалі ў Маладзечне ў 1947 годзе. Фота з фондаў Маладзечанскага краязнаўчага музея (аблічбоўка Я. Стэльмаха).

У Маладзечне з савецкіх часоў знаходзіцца некалькі буйных заводаў, якія працавалі па ваенных заказах. Па іх ўдарыла не гэтулькі скасаванне вобласці, колькі адсутнасць наладжаных рынкаў збыту пасля распаду СССР.

У 80-х гадах да будынку райвыканкаму дабудавалі шматпавярховы корпус ва ўнутраным дворыку, тут і знаходзіцца мясцовая ўлада раёна.

— Завод саюзнага прызначэння «Спадарожнік» быў звязаны з савецкай касмічнай праграмай, з вайсковым развіццём. Цяпер галоўны корпус аддадзены пад гандлёвы дом, — пералічвае Уладзімір Садоўскі. — «Электромодуль», дзе была высокатэхналагічная вытворчасць электронікі, таксама звязаная з вайсковай прамысловасцю. Галоўныя карпусы цяпер гандлёвыя і офісныя цэнтры — «Модуль» і «Тройка». Завод парашковай металургіі – высокатэхналагічнае прадпрыемства, адзін з карпусоў таксама аддадзены пад гандлёвы цэнтр. У нас жартуюць, што хутка няма каму будзе купляць, усе будуць толькі прадаваць. У Маладзечне ёсць умоўныя тры цэнтры, вакол якіх кожная новая ўлада распачынала новае будаўніцтва. Але цяпер цэнтр усё бліжэй да Мінска. Ранішнія і вячэрнія электрычкі запоўненыя людзьмі, якія ездзяць на працу ў сталіцу. Калі б горад заставаўся абласным цэнтрам, быў бы і свой універсітэт, і свае вялікія медыцынскія ўстановы, і больш працоўных месцаў, Маладзечна было б цэнтрам прыцяжэння, як і 60 год таму.

Ці можа зноў паўстаць Маладзечанская вобласць?

У Беларусі не першы год кажуць пра неабходнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы, апошняя праходзіла якраз 60 гадоў таму, калі і была ліквідаваная Маладзечанская вобласць.

У 2011 годзе УП «БЕЛНИИПГРАДОСТРОИТЕЛЬСТВА» распрацавала галоўны горадабудаўнічы дакумент краіны да 2030 года – Дзяржаўную схему комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі. Па плане замест шасці існуючых абласцей можа з’явіцца 18 акругаў, у тым ліку і Маладзечанскі – у акругу ўвойдуць таксама Вілейскі і Мядзельскі раёны.

Што дасць рэформа, калі яна будзе ўсё ж прынятая? Людзям будзе бліжэй ездзіць у «цэнтр», грошы з бюджэту будуць заставацца на месцах, цяпер значная частка абласнога бюджэту асядае ў буйных гарадах, акругаў стане больш, а іх плошча будзе менш, адпаведна, грошы будуць размяркоўвацца больш раўнамерна. Акрамя таго, павінна палепшыцца інфраструктура. У новых цэнтрах з’явяцца філіялы або ўласныя медыцынскія цэнтры, вышэйшыя навучальныя ўстановы, установы культуры і спорту. Павінен быць вырашана і транспартнае пытанне. Таксама стаўка – на абнаўленне і ўвядзенне новых прадпрыемстваў. У ідэале гэта павінна дапамагчы ўтрымаць людзей у рэгіёнах.

Фота Вадзіма Заміроўскага для TUT.by.