Аўтамабілі з перабітымі VIN-нумарамі выявілі на мяжы. Кіроўцы кажуць, што нічога не ведалі

У канцы мінулага тыдня беларускія памежнікі прадухілілі адразу дзве спробы перамяшчэння з Літвы аўтамабіляў з прыкметамі змены VIN-нумароў.

Першае аўто трапіла ў поле зроку праваахоўнікаў 17 студзеня ў пункце пропуску «Катлоўка». Падчас агляду Kia 2012 года выпуску, якім кіраваў грамадзянін Расіі, пагранічны нарад устанавіў, што звесткі ў тэхпашпарце адрозніваюцца ад паказаных на кузаве.

Падобная сітуацыя адбылася 19 студзеня ў пункце пропуску «Каменны лог» з грамадзянінам Беларусі. Аглядаючы яго Mercedes 2000 года, памежнікі таксама выявілі прыкметы падробкі VIN-нумары.

Абодва кіроўцы сцвярджаюць, што нічога не ведалі пра фальшывыя нумары. Транспартныя сродкі перададзеныя супрацоўнікам міліцыі для далейшага разбору.