Фота Аляксандры Квяткевіч, tut.by

Ад 1 студзеня пры прыёме некаторых плацяжоў у АРІП у аддзяленнях Белпошты будуць спаганяць камісію, піша infobank.by.

Плату ў памеры 60 капеек за кожную аперацыю будуць браць «пры прыёме абмежаванага спісу плацяжоў праз аперацыйныя вокны аб’ектаў паштовай сувязi праз АРІП на карысць вытворцаў паслуг».

Ці значыць гэта, што цяпер аплаціць камунальныя паслугі на пошце можна будзе толькі з камісіяй? Магчыма, чэргі, якія збіраюцца ў паштовых аддзяленнях ў дваццатых чыслах кожнага месяца, значна парадзеюць?

Як гаворыцца на сайце Белпошты, дадатковая аплата не будзе спаганяцца пры плацяжах:

  • удзельнікам Другой сусветнай вайны (пры прад’яўленні адпаведнага дакумента)
  • у бюджэт
  • на дабрачынныя рахункі
  • на карысць вытворцаў паслуг за асноўныя і дадатковыя жыллёва-камунальныя паслугі
  • на карысць РУП «Белтэлекам» за паслугі «тэлефон» і «ТСИС»
  • на карысць РУП «Белпошта».

Атрымліваецца, што аплаціць камуналку і дамашні тэлефон па-ранейшаму можна будзе без камісіі, а вось, напрыклад, за аплату харчавання ў дзіцячым садку з вас возьмуць 60 капеек зверху.

Акрамя гэтага ў паведамленні гаворыцца, што пры аплаце паслуг наяўнымі або картай праз плацежна-даведачныя тэрміналы камісія па-ранейшаму не спаганяецца. Дарэчы, падобную камісію бярэ большасць беларускіх банкаў.

• Текст доступен на языке: Русский