Учора ўвечары ў вёсцы Чарнішкі Варнянскага сельсавета гарэў жылы дом. Па словах пацярпелых, яны падпалілі яго самі.
Пра пажар у Астравецкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях у 20:27 паведаміў мужчына, які праязджаў міма – дом гарэў адкрытым полымем.
Устаноўлена, што ў доме пражывалі два браты. У дзень здарэння мужчыны распівалі алкаголь і палілі.
Як распавяла суседка, днём яна бачыла, як адзін з братоў хадзіў з каністрай. Па словах пацярпелых, увечары яны аблілі дом бензінам і падпалілі яго.
У выніку пажару знішчаны дах, пашкоджаныя перакрыцце, сцяна і маёмасць. Гаспадары з апёкамі 31 і 12% цела дастаўлены ў раённую бальніцу.
Канчатковыя прычыны здарэння будзе ўсталёўваць Следчы камітэт.