Вадохрышча – зімовае свята народнага календара, дзень завяршэння Калядаў. Яно праходзіць 19 студзеня. Распавядаем, якія былі раней традыцыі і дзе сёлета акуналіся ў рэгіёне.

Хрысціянская рэлігія звязвае Вадохрышча з хрышчэннем Ісуса Хрыста Іаанам Хрысціцелем на рацэ Ярдані са з’яўленнем усіх асобаў Святой Тройцы. На Вадохрышча ў храмах адбываецца асвячэнне вады, якую некалі бралі з бліжэйшай рэчкі. У гэты дзень усе вадасвятныя месцы называліся «Ярданямі».

Што рабілі з асвечанай вадой

Пры асвячэнні вады на Усходнім Палессі ставілі кругом маладыя ялінкі, каб закрыць святую ваду ад усялякай нечысці, а іх галінкі потым падкладвалі пад квактух, каб было болей куранят, ці ўторквалі ў страху, каб туды не ўдарыў пярун.

Ліхіх духаў на «Ярдані» адпуджвалі таксама стральбою з ружжаў. З дахрысціянскіх часоў верылі ў цудадзейную моц асвечанай вады, захоўваючы ў доме, як і асвечаныя купальскія зёлкі:

– давалі выпіць хвораму;

– апырсквалі свойскую жывёлу адразу пасля ацёлу і перад першым выпасам;

– садовыя дрэвы, калі яны не давалі пладоў;

– поле перад сяўбою дзеля ўрадлівасці і каб вывесці асот;

– новую хату перад засяленнем і гаспадарчыя пабудовы;

– труну перад тым, як пакласці ў яе нябожчыка, і выкапаны дол на могілках.

Як ачышчаліся ад грахоў і чаму пераварочвалі вазкі з санямі

Найбольш цудадзейнай лічылася вада, узятая з трох, а яшчэ лепей з сямі «Ярданяў», дзеля чаго пасылалі людзей у розныя месцы. Казалі, хто першы зачэрпне святой вады і вернецца дамоў, той першы збярэ з поля сваю збажыну. Калі ваду разбіралі, то неслі яе дадому, а потым паілі з палонкі коней.

Некаторыя купаліся ў палонцы да ўсходу сонца, каб цела было бялейшае і каб ачысціцца ад грахоў. Пры адсутнасці рэк ці азёраў бралі ваду з калодзежаў, апускалі туды крыжык, зроблены з лучыны, які потым вешалі на варотах ад ведзьмаў.

Пяклі крыжыкі з цеста і елі іх. Напярэдадні Вадохрышча сяляне пераварочвалі вазкі і сані, бо ў гэты час нібыта павінны прыходзіць вадзянікі. Рабілі гэта для таго, каб увесь наступны дзень, пакуль асвечаную ваду не знясе плынь, вывезці сваіх дзяцей, якія могуць загінуць ад апускання крыжа ў ваду. Ад асвечанай вады ўцякае і чорт, перасяляючыся на вярбу аж да яе асвячэння на Вербніцу.

Варажба і рытуалы

На Вадохрышча выконвалі розныя магічныя дзеянні і варажылі на гаспадарчыя справы. Людзі часалі лён, каб такімі ж гладкімі былі цяляты. Лавілі шапкамі і хвартухамі падкінутую жменю гароху і па злоўленых гарошынах разлічвалі на колькасць ягнятаў, што народзяцца сёлета.

А па дыме ад запаленай лучыны меркавалі, адкуль на вясну трэба чакаць прылёту пчаліных раёў і ў які бок разварочваць вуллі. Раскідвалі перад вадзяной куццёю па чатырох баках хаты жытнёвае зерне на багаты ўраджай. Варажылі на суджанага, пералічвалі калы ў плоце. З куццёй у роце беглі на вуліцу і пыталіся ў першага стрэчнага імя.

Існавала шмат прадказанняў будучага надвор’я і ўраджаю. Калі на Вадохрышча сцюдзёна – у жніво будзе вельмі горача. Хрышчэнскі снег абяцаў урадлівы год, грыбное лета, але чакалася чарвівая капуста. Калі на Вадохрышча было цёпла, спадзяваліся, што густа ўзыдзе збажына.

Воблачнае Вадохрышча прадказвала добры год, а калі на небе чыста, то і ў засеках будзе чыста. Малады снег, што выпаў у хрышчэнскую раніцу, лічыўся добрым сродкам адбельвання палатна і лямцавання сукна. Вадохрышча звычайна супадала з самымі халоднымі днямі зімы, пасля якіх год паварочваўся на лета: «Трэшчы – не трэшчы, прайшлі Вадахрэшчы. Не к Раству, а к Пятру!»

Дзе акуналіся людзі на Вадохрышча у рэгіёне

На Маладзечаншыне людзі акуналіся ў двух вадаёмах – у Насілаве і Верадове. У Насілаве дзяжурылі супрацоўнікі МНС, а ў Верадове арганізавалі месца прадстаўнікі Маладзечанскага лясгаса.

Глядзіце яшчэ: Глядзіце, як у Насілаве людзі акуналіся на Вадохрышча (Фота)

У Ашмянах, Астраўцы, Смаргоні, Мядзеле, Валожыне і Вілейцы арганізавалі акунанне ў гарадах, не трэба было выязджаць у бліжэйшыя населеныя пункты.