Беларусы не ўмеюць працаваць, беспрацоўным не варта дапамагаць, а ў Маладзечне створаць інавацыйныя бізнесы. Што абмяркоўвалі на сустрэчы па развіцці прадпрымальніцтва ў Горадзе Сонца?

Сустрэча «Развіццё прадпрымальніцтва ў Маладзечанскім раёне праз правядзенне адукацыйных мерапрыемстваў” адбылася 17 студзеня. Арганізатарам круглага стала стаў адукацыйны цэнтр “Адкрытая прастора”.

На сустрэчы прысутнічалі сузаснавальнік адукацыйнага цэнтра “Адкрытая прастора” Валянціна Сідоркіна, дырэктар установы Валерыя Рошчына, загадчык сектара рэгістрацыі суб’ектаў гаспадарання Маладзечанскага райвыканкама Алена Кажэка, дырэктар Цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва Маладзечанскага раёна і кіраўнік турагенцтва Сяргей Алейнікаў, дырэктар тэхнапарка “Інката” Яўген Мальчэўскі і прадпрымальнікі з Маладзечна.

Чаму ўзнялі тэму бізнесу

Маладзечаншчына стала адным з раёнаў, дзе прайшоў конкурс ініцыятыў у межах праекта “Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Праект фінансуе Еўрапейскі саюз і Праграма развіцця ААН у супрацы з Міністэрствам эканомікі Беларусі.

Праект “Тэхнапарк ІнКата-Мол” перамог у конкурсе ініцыятыў для Маладзечаншчыны. Яго будуць увасабляць таварыства “Інката” і Цэнтр моладзевых інавацый.

Пра тое, як новы тэхнапарк будзе садзейнічаць развіццю прадпрымальніцтва, і як наогул развіваць бізнес у Маладзечне, абмеркавалі падчас круглага стала.

Прадстаўнік райвыканкама Алена Кажэка распавяла, як улада дапамагае пачаць бізнес пачынаючым прадпрымальнікам. У мінулым годзе выдалі 23 субсідыі для беспрацоўных. Іх памер ад 1 да 1,5 тысячы долараў у эквіваленце. Такой дапамогай скарысталіся рамеснікі, пачаткоўцы ў галіне агратурызму.

Гэты рынак ў Маладзечне квітнеў у канцы 90-х–пачатку 2000-х. Цяпер жа на пляцоўцы нешматлюдна. Каб бізнес прыносіў прыбытак, яго неабходна развіваць. Магчыма, новым штуршком для эканомікі горада стане тэхнапарк. Фота Настассі Уткінай.

“Дапамагаць беспрацоўным не мае сэнсу”

Сяргей Алейнікаў распавёў, чым займаецца Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва. Пераважна звяртаюцца па кансультацыі. Такіх зваротаў няшмат – некалькі на месяц. З яго ўражанняў наконт тых, хто звяртаецца – трэба мець больш ведаў, каб пачынаць бізнес.

– Асабіста я лічу, што дапамагаць беспрацоўным не мае сэнсу, – пракаментаваў Алейнікаў інфармацыю пра субсідыі ад райвыканкама. – Тыя бізнесмены, якіх ведаю я, знаходзяць шляхі, як трапіць у бізнес і ў любым выпадку трапляюць. Трэба быць такім чалавекам, прадпрымальнікам. Калі гэтага няма ў чалавеку, то ніякія субсідыі не дапамогуць. Тым больш, што такое для старта бізнесу тая тысяча долараў?

Кажэка адказала, што субсідыі становяцца добрым стартавым капіталам для студэнтаў. Алейнікаў пагадзіўся, што для моладзі гэта сапраўды можа быць дарэчы.

– За субсідыю 12 год таму я набыла свой першы інвентар для прыборкі, – падтрымала Ганна Сафонава. – І дагэтуль прадпрымальнік.

– Калі б я распараджаўся грашыма, то не вельмі рабіў бы ўпор на беспрацоўных. Як бізнесмен магу сказаць, што мы працуем кепска, мы не стараемся. Многія не ператэлефаноўваюць, выконваюць задачы не своечасова. І чым меншы населены пункт, тым большая з гэтым бяда. Да працы неабходна ставіцца з патрабаваннем да самога сябе. Дзякуючы тэхналогіям можна многія задачы перакідваць на праграмы, ладзіць аптымізацыі. Некаторыя кіраўнікі абмяркоўваюць, як знайсці матывацыю. У маім агенцтве працуе адзін прадавец, і працуе добра, таму што ў яго вялізная зарплата.

“Беларусы не ўмеюць працаваць”

Размову пра тое, што беларусы не ўмеюць добра працаваць, патрымаў прадпрымальнік Мікалай Паноў:

– Бальшавізм сваёй ураўнілаўкай забіў паняцце “работа”. Быў перыяд, калі я паехаў працаваць у Польшчу. Першыя дні не разумеў, як можна столькі працаваць! Падавалася, што гэта проста немагчыма. Але праз некалькі тыдняў ужо працаваў гэтак жа, як і мясцовыя. І нічога, цэлы дзень сапраўды працуеш на ўсю моц, а вечарам нават у бар сілы ёсць схадзіць.

Таму калі размаўляю з беларусамі, то кажу ім: вы ў жыцці ні разу не працавалі, вы ўяўлення не маеце, што такое праца.

– Праблема яшчэ ў тым, што ў нас няма рынку працы. Я не ведаю, хто гэта ў нас прыдумаў, што неабходна знішчыць беспрацоўе. У любым падручніку эканомікі вы прачытаеце, што нармальны ўзровень беспрацоўя – 5%. Чаму ў Беларусі ўзялося меркаванне, што чым гэты працэнт ніжэйшы, тым лепш? Калі ў Маладзечне было менш за адзін працэнт, пачалі ўзрушацца, самы нізкі паказчык у краіне. А з чаго ўзрушацца? 5% беспрацоўя – той узровень, калі кадры канкуруюць між сабой, але сацыяльнай напружанасці яшчэ няма. Знішчаць беспрацоўе – значыць, знішчаць канкурэнцыю спецыялістаў.

Удзельнікі звярнулі ўвагу, што некаторыя прадпрымальнікі не надаюць дастатковай увагі рэкламе, уласнаму сайту і старонкам у сацыяльных сетках. Пры тым, што найбольш правільна распаўсюджваць рэкламу праз усе магчымыя каналы, і тады яна працуе максімальна эфектыўна.

Таму для многіх бізнесменаў могуць спатрэбіцца адукацыйныя заняткі па продажах у інстаграме, таргетынгу, стварэнні сайта.

Прадпрымальнікі заўважылі, што часам няпроста знайсці патрэбную інфармацыю ад райвыканкама. Прапанавалі падаваць яе больш нязмушана, напрыклад, праз сацыяльныя сеткі. Такія крокі з боку райвыканкама зменшаць дыстанцыю паміж уладай і бізнесам, што пойдзе толькі на карысць абодвум бакам. Паноў патлумачыў, чаму гэта важна:

– Калі фермер хоча атрымаць ад сваёй каровы малако, ён клапоціцца пра яе, корміць і даглядае. Так і ўлада павінна дапамагаць бізнесу. Вы ж нічога не вырабляеце, а існуеце за нашы падаткі. Каб падаткаў было больш, павінен развівацца бізнес. Таму ўлада мусіць клапаціцца пра прадпрымальнікаў, як фермер пра карову.

Такім клопатам з боку выканкама могуць быць кансультацыі. Каб спецыяліст падказваў бізнесменам, што варта ўлічыць і якім чынам развівацца.

Як будзе працаваць тэхнапарк

Яўген Мальчэўскі распавёў пра тое, як працуе кампанія “Інката” ў Мінску і як яны плануюць наладзіць працу ў Маладзечне. Арганізацыя займаецца інжынернымі і кансультацыйнымі работамі. Іх задача – прывесці стартап да рынку, дапамагчы зрабіць тэхналогію гатовай да продажу. Калі ў свеце выжывае да 10% тэхналагічных стартапаў, а ў Беларусі 1%, “Інката” мае да 20%, паведаміў прадстаўнік кампаніі.

Кліент звяртаецца да арганізацыі з ідэяй, яму дапамагаюць яе ўвасобіць і прайсці ўвесь шлях ад распрацоўкі да выхаду на рынак. Сярод прыкладаў праектаў “Інкаты” – аўтаномны беспілотнік, разумны корак для бутэлек, які далівае дакладную дозу і вядзе ўлік.

Цягам года ў Маладзечне ўзвядуць пляцоўку тэхнапарку. Мяркуюць, што гэта будзе памяшканне, якое хутка будуецца, па адмысловай тэхналогіі агульнай плошчай у 1200 квадратных метраў на тэрыторыі каля водаканала. Прадпрымальнікі змогуць стаць яго рэзідэнтамі і атрымаць шэраг выгод. Рэзідэнты могуць атрымаць падатковыя льготы. Неабходнае абсталяванне можна будзе не набываць самому. Напрыклад, станок набудзе тэхнапарк, а прадпрымальнік будзе яго арандаваць, каб выканаць неабходныя задачы.

Рэзідэнты могуць атрымаць фінансавую падтрымку ў выглядзе гранта або пазыкі. Фонд для гэтых мэтаў пазабюджэтны, таму і рашэнні па вылучэнні з яго сродкаў будуць прымаць аператыўна. Арганізацыя будзе таксама забяспечваць усе патрэбныя для рэзідэнтаў кансультатыўныя паслугі, у тым ліку маркетынгавыя.

Тэхнапарк плануе працаваць як інкубатар. Рэзідэнцтва не мае абмежавання ў тэрміне. Але калі прадпрымальніку дапамогуць рэалізаваць ідэю, яго выпускаюць, каб адбывалася ратацыя ідэй і тэхналогій. Тэрмін рэалізацыі праектаў можа быць розны, некаторым трэба некалькі год, каб дайсці да гатовага да продажу прадукту.

Як стаць рэзідэнтам тэхнапарка

Усяго ў межах праекта плануюць прыняць 6-7 рэзідэнтаў у маладзечанскі тэхнапарк. Каб далучыцца да ініцыятывы, неабходна падаць заяўку ў выглядзе плана развіцця бізнесу або бізнес-плана. У праекце абавязкова павінна быць інавацыйнасць. Не абавязкова сусветнага або беларускага маштабу, гэта можа быць рэгіянальная навізна.

Звяртацца з заяўкамі могуць прадстаўнікі самых розных сфер – высокіх тэхналогій, машынабудавання, дрэваапрацоўкі. Важна, каб у выніку дзейнасці на маладзечанскі рынак прыйшла новая для горада тэхналогія або паслуга. Пра прыём заявак “РГ” паведаміць дадаткова.

Заяўкі будзе разглядаць рада тэхнапарка. З рэзідэнтамі заключаць дамову, абавязковым пунктам якой стане арэнда часткі пляцоўкі тэхнапарка.

Як развіць прадпрымальніцтва

Пра тое, як актывізаваць прадпрымальніцтва ў Маладзечне, абмеркавалі ў апошняй частцы сустрэчы. Прадстаўнікі “Адкрытай прасторы” адзначылі, што яны ладзілі два сезоны “Стартап-школы”, у межах якіх правялі шэраг навучальных мерапрыемстваў для прадпрымальнікаў. Жаночыя бізнес-сняданкі, інтэнсівы, лекцыі – арганізатары абіралі найбольш запатрабаваныя тэмы і фарматы. Прыйшлі да высновы, што існуе пэўнае кола зацікаўленых асоб, якія гатовы адгукацца на адукацыйныя прапановы.

Удзельнікі паразважалі пра тое, якія мерапрыемствы маглі б быць карыснымі маладзечанскім прадпрымальнікам, як згуртаваць прадпрымальніцкую супольнасць увогуле. Некаторым важна атрымаць адказы на тое, як пачаць сваю справу, іншыя ж дасягнулі столі для сваіх рэсурсаў, і ім важна дапамагчы перайсці на наступны ўзровень. Дырэктар тэхнапарка заўважыў, што праблема можа быць не толькі ў тым, што работнікі не жадаюць працаваць:

– Я ведаю, што ёсць шмат таленавітых спецыялістаў. У мяне працуе некалькі канструктараў з рэгіёна, у тым ліку з Маладзечна. Яны проста не змаглі знайсці сябе ў сваім горадзе.

Часам, каб атрымаць добры эфект ад працы, трэба стварыць для гэтага ўмовы.

Сяргей Алейнікаў падсумаваў, што Маладзечна мае патэнцыял для прыцягнення турыстаў. Задуму са стварэннем вуліцы стрыт-фуда ён спачатку не ўспрымаў усур’ёз. А пасля на свае вочы ўбачыў, як розныя людзі прыязджалі з Мінска, каб пабываць на ёй. І прапанаваў, каб райвыканкам вітаў ініцыятыву гараджан, якія выходзяць на вуліцу і прапануюць свае паслугі – хто прадае тавар, хто збірае грошы музыкай, хто заваблівае незвычайным уборам для фотасесіі.

Такі падыход будзе прывабліваць наведваць і гуляць па Маладзечне, карыстацца прапановамі прадаўцоў, прыцягне грошы ў тым ліку з іншых гарадоў і нават краін. Рух у горадзе запусціць рух у эканоміцы. І Маладзечна дакажа, што не дарма яго называюць Горадам Сонца.

«Моладзь зрабіла тое, што не змаглі мы». У Маладзечне адбылося адкрыццё вуліцы стрыт-фуда

• Текст доступен на языке: Русский