Ірына Тархан (справа) з дачкой Арынай на ўзнагароджанні ў рэдакцыі. Фота аўтара.

Як згуртаваць суседзяў з пяці дамоў? Разам ладзіць чаяванні і святы для дзяцей і зрабіць уласны двор ці не самым крэатыўным у Маладзечне? Пра гэта ведае сёлетняя пераможца ў намінацыі «Выбар чытачоў» нашай штогадовай акцыі «Асоба года» Ірына Тархан.

Ірына: Дзякуй, што распраўляеце нашы крылы

У чытацкім галасаванні, вынікі якога мы падвялі напачатку студзеня, Ірына набрала найбольшую колькасць галасоў. 16 студзеня яна прыйшла ў рэдакцыю на ўзнагароджанне, расказала пра ўдзел у акцыі і ўласны актывізм.

– Пра тое, што я сярод прэтэндэнтаў на «Асобу года», даведалася ад сваёй сяброўкі Валянціны Сідоркінай. Канешне, для мяне гэта была вельмі добрая навіна. Прыемна, што журналісты рэдакцыі заўважаюць нашу дзейнасць. Дзякуй, што распраўляеце нашы крылы, – пачала Ірына.

На яблычным свяце ў двары. Фота Валянціна Тархана.

Кажа, што сёлета ў акцыі, на яе думку, было шмат дастойных кандыдатур. Прыемна, што большасць з іх – знаёмыя. Сама Ірына галасавала і за этнаграфічны клуб «Кола», і за вуліцу Стрыт-фуда.

За Ірыну галасавала сям’я, сябры, дзеці з Маладзечанскай санаторнай школы-інтэрната, дзе яна працуе выхавальніцай. Дачка Іры, Арына, якраз у той час ляжала ў бальніцы. Там усім расказала пра мамін удзел у акцыі. І людзі галасавалі таксама.

16 студзеня – Дзень народзінаў праекта «Наш двор»

– Для мяне перамога ў акцыі «Асоба года» – гэта перамога над сабой. Я даўно марыла зрабіць нешта такое, каб гэта заўважылі і ацанілі, – дзеліцца пераможца.

16 студзеня, у дзень калі мы гутарылі з Ірынай, быў роўна год ад пачатку праекта «Наш двор». Летась у гэты дзень актывістка зладзіла з суседзямі першую прыборку ў двары.

Іра прызнаецца, што калі год таму пачалі ўпарадкаваць двор, самі яшчэ не ўяўлялі, што атрымаецца. Зрабілі дзіцячую пляцоўку, пасля – спартыўную. З’явілася валейбольная пляцоўка і баскетбольнае кальцо. Двор упрыгожылі арт-аб’екты: ровар і паруснік. Гэта сімвалы, якія накіроўваюць нас да новых здзяйсненняў і перамог, кажа Ірына. Першае масавае мерапрыемства ў двары – Дзень снегавіка – зладзілі летась 25 студзеня.

Жанчыны-суседкі падчас пірацкай вечарыны.

–Тады якраз снег быў, у адрозненні ад сёлетняй зімы. Людзі з дзецьмі прыйшлі па аб’явах. Пабудавалі снежную крэпасць і снегавікоў. А потым было чаяванне для ўсіх, – прыгадвае суразмоўца.

Наступным святам стала Масленіца. І тут народу сабралася яшчэ больш. Арганізатары не думалі нават, што так атрымаецца. Самі былі ў шоку, кажа Ірына.

А нядаўна запрасілі да сябе ў двор этнаграфічны клуб «Кола». Сябры клуба проста на двары паказалі лялечны спектакль да Калядаў. Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, гледачоў сабралася нямала.

Вельмі важная для Ірыны ў яе справе – падтрымка аднадумцаў. Кажа, што ёсць суседзі Андрэй і Алена Зайцавы, якія гатовыя падтрымаць і ўвасобіць усе яе задумы. Напрыклад, арт-аб’екты ў двары – гэта творы Андрэя. Цешыць і ўдзячнасць жыхароў двара:

– Калі сталыя жанчыны падыходзяць і кажуць пра тое, як ім спадабалася свята, то мне ўжо больш нічога і не трэба.

А дзеці разумеюць, што мама зможа шмат

Да мерапрыемстваў двара далучаецца ўся сям’я Ірыны. Муж Валянцін і дачка Арына фатаграфуюць святы і прыборкі. А сын-першакласнік Міша – непасрэдны ўдзельнік усіх святаў. Тое, што я раблю, раблю, перш за ўсё, для ўласных дзяцей. І дзеці разумеюць, што мама можа шмат:

– Неяк гулялі з сынам на тэрыторыі адной гімназіі. Яму там спадабаліся трэнажоры. «Трэба і ў наш двор такія,» – даў Міша заданне маме.

Провады зімы. Фота Таццяны Касьян.

А яшчэ ў Ірыны ёсць мара – на дзвярах смеццеправодаў, што побач з кожным пад’ездам, зрабіць карцінную галерэю. Ужо ёсць мастак, які можа і згодзен гэта зрабіць. І калі пагодзяцца мясцовыя ўлады, усё атрымаецца.

• Текст доступен на языке: Русский