Жадаючых патрапіць на вечарыну было столькі, што давялося зрабіць адразу два мерапрыемствы ў адзін дзень, каб было камфортна ўсім ахвотным.

Вечарыны для дзяцей “Кітайскі Новы год” зладзілі 25 студзеня ў адукацыйным цэнтры “Адкрытая прастора”. Іх правяла педагог Іна Сушко. Менавіта 25 студзеня, у дзень кітайскага свята, апякунства года перайшло Беламу Металічнаму Пацуку.

Святочную атмасферу стварыў дэкор памяшкання ў кітайскім стылі. Ды і самі ўдзельнікі, бо арганізатары прасілі па магчымасці прыйсці ў чым-небудзь чырвоным.

Як святкавалі

Справа ў тым, што па павер’ях кітайцаў, менавіта чырвонае адпуджвае пачвару Нянь, імя якога значыць “год”. Калі ад яго не абараніцца, пачвара можа забраць дабро, а часам выкрадае і людзей. Да таго ж, чырвоны колер прыцягвае ўдачу.

Спачатку дзеці даведаліся пра тое, як у Кітаі святкуюць Новы год, пра легенды і традыцыі. Удзельнікам прапанавалі на акрушах вывесці іерогліфы, якімі традыцыйна віншуюць на свята.

Асобна на прыгожай паперы прысутныя гуашшу вывелі іерогліф, які перакладаецца як “шчасце”. Дзяцей развесяліла, што чытаецца іерогліф як “фу”. Гук, які мы ўспрымаем, як нешта непрыемнае, з кітайскай азначае “шчасце”.

Удзельнікі змайстравалі з каляровай паперы кітайскія ліхтарыкі. Яны, па кітайскіх павер’ях, адганяюць усё кепскае.

Часцей за ўсё кітайцы на Новы год дораць грошы ў чырвоным канверце. Калі прыходзяць у госці, то дораць гаспадару два мандарыны. Калі сыходзяць, то забіраюць з сабой ужо іншыя два мандарыны. Справа ў тым, што з кітайскай “пара мандарын” гучыць гэтак ж, як слова “золата”. Гэты абрад сімвалізуе пажаданне дабрабыту ў надыходзячым годзе.

Для ўдзельнікаў было прыемнай нечаканасцю, калі пераможцы атрымалі па два мандарыны ў падарунак ад арганізатараў.

Чаму менавіта кітайскі?

– Кітайская мова складаная, але разам з тым незвычайная і папулярная, – распавядае Сушко. – Таму многія цікавяцца і мовай, і культурай Кітая.

Сама педагог выбрала кітайскую мову як другую замежную падчас навучання ў лінгвістычным універсітэце. Палічыла, што менавіта кітайская мова перспектыўная.

– Так, вучыць кітайскую складана, – дзеліцца педагог. – Але калі займацца, надаваць заняткам увагу штодзень, не ленавацца, то ўсё магчыма. Нават запамінаць іерогліфы. Гэта цікавая мова і культура.

Больш фота тут і тут.

Што чакае вас у Новым годзе па усходнім гараскопе

Гараскоп: якім будзе 2020 год