Рамантычны твор з музыкай, якую раней ніколі не выконвалі на сцэнах Беларусі, паставяць у Маладзечне.

Прэм’ера рамантычнай оперы “Сон” адбудзецца ў пятніцу, 6 сакавіка. Пачатак а 19 гадзіне.

Імпрэза адбудзецца ў музычным каледжы.

Твор уяўляе сабой свабодную трактоўку оперы “Дзанэта”. Оперу напісаў італьянскі кампазітар П’етра Масканьі ў 1896 годзе.

Рэжысёрам пастаноўкі выступае італьянскі маэстра Паола дэ Напалі. Ролю Дзанэта выканае маладзечанец Андрэй Мікульчык, Сільвіі – Сузанна Ерабкова з Чэхіі. Музычнае суправаджэнне забяспечыць струнны квінтэт “Амелія”.

Опера будзе доўжыцца 45 хвілін. Пасля антракта гледачоў чакае канцэрт з удзелам спевакоў з Італіі, Чэхіі, Балгарыі, Літвы, Расіі і Беларусі.

Другая опера ў драмтэатры

Падрабязней пра пастаноўку распавёў выканаўца ролі Дзанэта Андрэй Мікульчык.

У 2018 годзе на сцэне драматычнага тэатра ўжо ставілі оперу, і таксама пад кіраўніцтвам італьянскага маэстра Паола дэ Напалі. Адну з галоўных роляў у пастаноўцы “Служанка-гаспадыня” тады таксама выканаў Мікульчык. Твор паставілі чатыры разы за год, у тым ліку двойчы ў Італіі.

Вынікам міжнароднага творчага супрацоўніцтва ўдзельнікі былі вельмі задаволеныя. Таму вырашылі развіваць працу ў гэтым накірунку. І падрыхтавалі новы праект.

– “Сон” – аднаактная опера, таму ідэальна падыходзіць для пастановак у невялікіх, камерных тэатрах, – тлумачыць Мікульчык. – Менавіта з такіх опер мы і выбіралі. Хацелі знайсці твор з рамантычным і лірычным характарам, таму што папярэдняя прэм’ера была камічнай операй. Істотна і тое, што гэту оперу, і ў прыватнасці музыку, раней ніколі не выконвалі ў Беларусі.

Падрыхтоўка да прэм’еры працягваецца. Цяпер ідуць рэпетыцыі з квінтэтам. Ёсць складанасці ў падрыхтоўцы – усе творцы жывуць у розных краінах. Рэжысёр у Італіі, выканаўца ролі Сільвіі з Чэхіі, але цяпер жыве і вучыцца ў Італіі.

“Але складанасці лёгка пераадольваць, калі займаешся любімай справай і аддаеш усю энергію”, – дзеліцца Мікульчык.

Пра што будзе опера

Няпроста было абраць дату прэм’еры. Яна павінна была падыходзіць тэатру, а таксама пасаваць усім удзельнікам міжнароднага творчага праекта. Атрымалася падабраць дату для паказу рамантычнага твора якраз перад Міжнародным жаночым днём.

Опера распавядае пра чароўную маладую дзяўчыну-куртызанку Сільвію. Яна стамілася ад таго ладу жыцця, які ў яе склаўся.

Раптам яна знайшла магчымасць знайсці сапраўднае каханне з прыгожым, наіўным і чыстым душой юнаком Дзанэта. Але нават у сне Сільвія яго адштурхоўвае.

Да 16 год ніякай музыкі, а пасля стаў оперным спеваком. Што Андрэй Мікульчык пераняў з Італіі ў Маладзечна

• Текст доступен на языке: Русский