Заўзятары ХК "Дынама-Маладзечна". Фота Настассі Уткінай.

Сёння маладзечанскія дынамаўцы згуляюць з салігорскім «Шахцёрам», ад якога ў апошняй гульне прапусцілі сем шайбаў.

28 студзеня. Салігорск. Пачатак – у 19:00. Прамая трансляцыя – на Hockey.by і «Яснае TV».

Дакладна вядома, што не згуляе Арцём Волкаў. Ён аднаўляецца пасля траўмы. Галоўны трэнер Дзмітры Краўчанка распавядае наступнае:

– Арцём жадае хутчэй вярнуцца ў строй, прыязджае, трэніруецца па асобным плане. Але, на жаль, на дадзены момант бальнічны яму падаўжаюць і падаўжаюць, бо рука цяжка зажывае.

Перад паездкай прэс-служба каманды ўзяла каментарый у Краўчанкі пра прычыны нестабільнай гульні і частых паражэнняў.

Па словах галоўнага трэнера адной пэўнай прычыны няма. Краўчанка кажа, што каманда праводзіць нядрэнныя матчы, стварае добрыя моманты, якія мусяць заканчвацца галамі.

Трэнер выказаў здагадку, што на фоне агульнай стомленасці гульцы не дапрацоўваюць.

– На працягу доўгага часу мы гуляем аднымі і тымі ж гульцамі. У выніку гэтага няма канкурэнцыі ў складзе. І нават калі гулец памыляецца, мы не можам яго «пасадзіць на лаву», нам даводзіцца яго выкарыстоўваць у наступных матчах.

З пачатку снежня, кажа Краўчанка, каманда адчувае кадравыя праблемы: частка гульцоў сышлі з каманды, частка траўмаваныя. З-за гэтага звёны зрушыліся, той хто гуляў у чацвёртай тройцы ці быў у запасе, гуляе ў трэцім звяне, той, хто гуляў у трэцім, той гуляе ў другім або першым.

– Гульцы ад гэтага мацней не сталі, ад таго, што ссунуліся ў звёнах. З-за таго, што дзесьці гульня не атрымліваецца, хлопцы нервуюцца і перажываюць. Пакуль мы вельмі далёкія ад таго, што хацелі б бачыць у выкананні каманды, гуляем выбліскамі.