Эксперты па дэмаграфіі кажуць, што ў грамадстве часта атаясамліваюць сталасць і беднасць. Ці так гэта? Звернемся да даследаванняў экспертаў і да гісторыі рэальнай сям’і з Вілейшчыны.
Дачка: увесь заробак – на камуналку і крэдыт
Знаёмцеся. Святлана, 39 гадоў. Святлана працуе медсястрой у адным з садкоў Вілейкі. Працуе на поўную стаўку. Зарабляе 480 рублёў.
Грошы невялікія, кажа жанчына. Адразу пасля заканчэння медкаледжа некалькі год ездзіла працаваць у Бараўляны. Заробкі былі добрыя.
Цяпер жа грошай менш, але вельмі задавальняе графік: ад васьмі да пяці, увесь дзень на месцы. Субота, нядзеля – заўсёды выхадныя, ніякіх начных змен. Двое дзяцей-школьнікаў дагледжаныя. Увесь заробак Святланы часцей ідзе на выплату крэдыту за кватэру і камуналку. На ўсе астатнія выгоды зарабляе муж, які працуе дальнабойшчыкам. Гэта і вопратка, і ежа, і мыйныя сродкі, і гурткі дзецям, і абслугоўванне аўтамабіля.
– Мужа не бачу часам і па два тыдні, і месяц. Але тут трэба выбіраць: ці бачыцца кожны дзень і жыць у безграшоўі, ці жыць больш-менш нармальна, але ахвяраваць іншым, – лічыць Святлана.
І прызнаецца, што адкласці не кожны месяц, але атрымоўваецца. Адкладзеныя грошы сям’я траіць на адпачынак летам, буйныя пакупкі тыпу мэблі і тэхнікі, рамонт аўтамабіля.
Маці: пенсіі мне хапае. Дапамагаю дачцэ, набываю валюту
Сама жанчына родам з Вілейшчыны. Тут, у вёсцы Абадоўцы, жыве яе маці – Алена. На пенсіі яна каля 20 год. Жыве адна ў прыватным доме. Мае невялікую гаспадарку, сад і агарод. Летам збірае чарніцы і здае іх. Працоўны стаж у Алены даволі вялікі, бо працаваць пачала яшчэ падлеткам.
Штомесяц жанчына атрымлівае пенсіі крыху больш за шэсцьсот рублёў.
– Пенсіі мне хапае, – кажа Алена карэспандэнту. – Садавіну і гародніну амаль не купляю, маю ўсё сваё. Штогод трымаю двух парсюкоў, курэй. Адзенне набываю рэдка. Паспець бы панасіць тое, што ёсць.
Асноўны артыкул расходаў Алены – камуналка і лекі. Вяскоўка кажа, што мае праблемы з ціскам. Каб адчуваць сябе больш-менш нармальна, штомесяц траціць на лекі каля ста рублёў. Па дробязях – на ежу, мыйныя сродкі, паездкі ў Вілейку да доктара і да дачкі з унукамі.
– Штомесяц купляю патроху валюты, каб было на чорны дзень. Па магчымасці, матэрыяльна дапамагаю дачцэ, часам набываю адзенне і абутак унукам. Заўсёды да школы дапамагаю сабраць іх. Такая сітуацыя ў большасці маіх знаёмых, – падсумавала суразмоўца.
Даследчыкі: Пенсіянераў, што жывуць у беднасці, крыху больш за 1%
Гутарка са Святланай і Аленай кажа пра тое, што пенсіянеры – далёка не самая бедная катэгорыя грамадства ў Беларусі. А што ж даследчыкі?
На першым Форуме годнага даўгалецця, што ладзілі у канцы мінулага года ў Мінску, прагучалі лічбы з даследаванняў Інстытута прыватызацыі і менеджмента – незалежнага аналітычнага цэнтра, што ад 1999 года працуе ў сферы эканамічных і сацыяльных даследаванняў.
Згодна з даследаваннем 2019 года «Беднасць і сацыяльна ўразлівыя групы насельніцтва ў Беларусі. Дэмаграфічныя і эканамічныя фактары беднасці», узровень беднасці па краіне наступны:
– дзеці да 17 год – 11, 1%
– дарослыя (18-64) – 5,9 %
– сем’і, якія маюць трох і больш дзяцей – 28,9%
– людзі ва ўзросце 65+ – 1,3%
Такім чынам, і даследчыкі-дэмографы сцвярджаюць, што ў параўнанні з іншымі катэгорыямі насельніцтва пенсіянеры ў Беларусі – гэта людзі з самымі высокімі даходамі.

• Текст доступен на языке: Русский