Псіхалагічныя пакуты і бойкі. Як у Валожынскім раёне міліцыя працуе з сямейнымі канфліктамі

Крымінальныя зводкі ад валожынскай міліцыі.

21 студзеня апоўначы адбыўся скандал з бойкай паміж сужыцелямі. Пацярпелай сябе палічыла жанчына, цела і твар якой пакрылі кровападцёкі і сінякі. Такую агрэсію выклікала рэўнасць. Дарэчы, мужчына ўжо не адзін раз прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за падобныя ўчынкі. Дэбашыра па прычыне хваробы “на суткі” не забралі, меру пакарання яму вызначыць суд.

***

Таксама медыцынскую экспертызу праходзіць мужчына, якога збіла на мінулым тыдні жонка. Такім чынам сямейная пара пенсіянераў вырашала надзённыя бытавыя пытанні.

***

У Вайганах псіхалагічныя пакуты ад брыдкіх слоў мужа атрымала жанчына. У міліцыю яна паведаміла, але прыцягваць да адказнасці галаву сямейства не стала.

***

У Галімцах сумесная п’янка мужа і жонкі скончылася канфліктам. Разбірацца ў сітуацыі выпала ўчастковаму інспектару міліцыі. Мужчыну пагражае адміністрацыйнае пакаранне, пацярпелая ўцякла ад мужа-кыўдзіцеля да сына.

***

Яшчэ быў званок з вёскі Ткачы. Там бойка адбылася паміж двума братамі. Прыехаўшы на выклік, супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі: канфлікт – плод фантазіі мужчыны, які ў адзіночку піў цэлы дзень.