На адкрыцці. Фота аўтара.

28 студзеня ў Маладзечне, у адукацыйным цэнтры «Адкрытая прастора» адкрылі акадэмію 55+.

– Мы даўно думалі адкрыць такую акадэмію. Падобныя ўжо ёсць у Гродне, Віцебску, нядаўна адчынілася ў Бабруйску. Вельмі хацелася б, каб і ў Маладзечне была такая пляцоўка, куды сталыя людзі прыходзілі атрымліваць веды і камунікаваць, – падзялілася адна з арганізатараў Валерыя Рошчына.

У акадэміі сталых людзей будуць вучыць англійскай мове, жывапісу, карыстанню смартфонам і камп’ютарам. Але ж на думку арганізатараў, кожны з такіх вучняў мае багаты жыццёвы досвед, уменні і навыкі, якімі варта падзяліцца.

Таму «Адкрытая прастора» гатовая выступіць пляцоўкай, дзе самі сталыя людзі будуць ладзіць для сваіх аднагодкаў майстар-класы і трэнінгі.

На арганізацыйныя заняткі прыйшло каля дзесяці чалавек. Аднак арганізатары спадзяюцца, што ў далейшым зацікаўленых будзе больш.

• Текст доступен на языке: Русский