31 студзеня памёр галоўны рэжысёр Мінскага абласнога тэатра лялек «Батлейка» (Маладзечна) Мікалай Андрэеў, паведамілі Tut.by калегі рэжысёра.

29 снежня Мікалай Андрэеў адзначыў 63-годдзе. Рэжысёра ў яго кватэры знайшла суседка. Прычына смерці пакуль не вядомая.

Мікалай Андрэеў скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут і Ленінградскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі. Быў артыстам дзяржаўнага лялечнага тэатра, галоўным рэжысёрам Гродзенскага абласнога тэатра лялек, кіраўніком курса акцёраў тэатра лялек у Гродзенскім вучылішчы мастацтваў.

З красавіка 2004 года ўзначальвае Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка» ў Маладзечне. Сярод пастановак — «Чароўная дуда» Вольскага, «Чортаў скарб» Караткевіча, «Тысяча і адна ноч», «Самазабойца» Эрдмана, «Тутэйшыя» Купалы і іншыя.