Так выглядаюць сёння выпускнікі 1995 года СШ №9.

Не было б нашай сустрэчы, калі б 35 год таму, у 1985 годзе, нас усіх бацькі не прывялі ў першы клас сярэдняй школы №9 горада Маладзечна.

Чатыры першыя класы. Чатыры першыя настаўніцы Ларыса Анатольеўна Бароўская, Таццяна Іванаўна Перадня, Галіна Давыдаўна Шацкая, Валянціна Адамаўна Прыпутневiч – людзі, якія сталі значнымi для нас і пакінулі след у кожным на ўсё дарослае жыццё.

Не хадзілі ў садок, але ўмелі рабіць дамашнія справы

Мы выйшлi ў большасцi з прыватнай, амаль вясковай забудовы, з прысядзібнымі надзеламi зямлi, з часовымі пабудовамі, у якiх жылi нашы бацькi, пакуль будавалi дамы, з вялiкай гаспадаркай.

Многія з нас не хадзілі ў дзіцячы сад, затое выдатна спраўляліся з дамашнімі справамі.

І ўвогуле, мы былі больш самастойнымі, чым цяперашнія першакласнікі. Розніца паміж братамі і сёстрамі ў нас магла быць шэсць-сем гадоў. І часцей за ўсё, нашы старэйшыя суседзі былі паміж сабой таксама аднакласнікамі.

Мячык і ровар замест інтэрнэту і мабільніка

У нас было савецкае дзяцінства, а юнацтва прыпала на разбурэнне СССР. На нашых вачах змянялася эпоха. Гарбачоў абвясціў праграму шырокіх рэформаў пад лозунгам «паскарэння сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны». Ён упершыню ўжыў слова «перабудова». Ці разумелі мы гэта? Канешне, не, таму што былі дзецьмі.

Падчас сустрэчы выпускнікоў.

У нас не было інтэрнэту, мабільных тэлефонаў. У нас былi мячык, ровар, гульня «Казакі-разбойнікі» да захаду сонца. У нас былі сябры дзяцінства, якія прайшлі з намі розныя выпрабаванні. У нас былі аднакласнікі, якія рабілі будні ў школе незабыўнымі.

Рок-гурты, джынсы, Юра Шатуноў

Хутка краіна, у якой мы пайшлі ў першы клас, перастане існаваць, а мiж тым… На тэлеэкранах з’явіліся тэлемасты паміж СССР і ЗША. А мы з захапленнем глядзелi кiнастужку «Госця з будучынi». У нашым дзяцiнстве адбылася найбуйнейшая тэхнагенная катастрофа – выбух на Чарнобыльскай АЭС, наступствы якой закрануць яшчэ не адно пакаленне.

Пачатак 1980-х быў звязаны з унікальнай з’явай – афіцыйным прызнаннем iснавання рок-музыкі.

Мы пачулi гурты: «Аліса», «Акварыум», «Кіно», «ДДТ», «Пікнік». Культавымі сталі фільмы «Аса», «Іголка» з песнямі «Кіно» і Віктарам Цоем у галоўнай ролi.

Першыя кааператывы сталі з’яўляцца ў краіне, першыя джынсы i копii красовак «Адыдас». Голас Юры Шатунова загучаў з вокнаў дамоў, а там падцягнулася i замежная папкультура.

Успаміны

Улады перасталі глушыць радыёстанцыю «Голас Амерыкі», «Радыё Свабода». А ў маі 1988 года СССР пачаў выводзіць войскі з Афганістана.

Свет, у якім жылі нашы бацькі, знікаў

Мы стаялi ў чэргах. Па талонах стаў прадавацца цукар. А ў залежнасці ад рэгіёнаў талоны былі патрэбныя на мяса, кілбасу, масла і маргарын, хлеб, тытунь , яйкі, нават запалкі, мыла, соль, пральны парашок, крупы. Як жа цяжка прыйшлося нашым бацькам. Свет, у якiм яны жылi, знiкаў.

Пасля распаду СССР таварны дэфіцыт не спыніўся, а працягваўся да 1994 года. Паліцы ў крамах былі пустыя. Недзе там, на захадзе, пераставалi icнаваць краiны, якiя мы вывучалi на ўроках геаграфii, малявалi ў контурных картах. 9 лістапада 1989 года пала Берлінская сцяна, пачаліся студэнцкія хваляванні ў Празе, некаторыя рэспублікі сталі выходзіць з Саюза.

Дарослыя гульні

У сваім развітальным выступленні па тэлебачанні Міхаіл Гарбачоў падвёў вынікі: «Працэс абнаўлення краіны і карэнных змен у сусветнай супольнасці апынуўся куды больш складаным, чым можна было меркаваць… Старая сістэма пала да таго, як паспела зарабіць новая».

А мы ў 1993 скончылi дзявяты клас. Многiя сышлi cа школы ў дарослае, цяпер зусім незразумелае жыццё. Нехта застаўся вучыцца да адзінаццатага. Мiнулi гады.

Мы не бачылiся з некаторымi аднакласнiкамi 27, 25 год. Прыйшоў час сустрэцца.

Мы – пакаленне 1980-х, якое прайшло шалёныя 1990-я. Мы – тыя, хто нарадзіўся ў 20 стагоддзі і перайшоў у 21-е праз шэраг гістарычных падзей. Магчыма, таму для нас вельмі важна берагчы гісторыю жыцця, звязаную са школай.

Юбілейны торцік

Мы рады сустрэцца з мінулым дзякуючы сваім аднакласнікам. Дзякуй табе, школа. Дзякуй вам, настаўнікі, што вы прайшлі з намі гэты шлях, момантамі супярэчлівы і складаны.

Фотаздымкі забяспечаныя аўтарам.

• Текст доступен на языке: Русский