Па стане апошніх дзён, ужо больш за 11 тысяч чалавек заражаныя каранавірусам. Два з іх – у Расіі.

Пацверджаных выпадкаў захворвання ў Беларусі і ва Украіне пакуль няма. Мы звярнуліся да спецыялістаў Мінскага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, а таксама прыгадалі эпідэміі ў гісторыі Беларусі і нашага рэгіёна.

Выязджаць у Кітай не забараняюць і не рэкамендуюць

У Мінскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя паведамілі, што адсочваюць сітуацыю з каранавірусам новага тыпу. Узмацнілі прафілактыку. Пад асаблівай увагай тыя, хто ўязджае ў Беларусь з краін, дзе неспрыяльная абстаноўка.

Выязджаць у Кітай з Беларусі не забараняюць, але і не рэкамендуюць. Праз тураператараў папярэджваюць грамадзян, якія выязджаюць у іншыя краіны.

Больш пільны кантроль ладзяць у аэрапорце ў Мінску. Да тых, хто прыязджае з краін, дзе ёсць захворванне, прымяняюць санітарна-каранцінны кантроль з дапамогай спецыяльнага абсталявання.

У спецыялістаў-медыкаў ёсць метадычныя рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якімі неабходна кіравацца пры дыягностыцы ўзбуджальніка.

Гэта арганізацыя накіравала свае дырэктывы ў бальніцы па ўсім свеце.

Тым, каму ўсё ж неабходна ехаць у краіны з неспрыяльнай абстаноўкай, раяць не бываць у месцах масавага зборышча людзей, не кантактаваць з тымі, у каго заўважныя прыкметы прастуды. Таксама неабходна рэгулярна мыць рукі і ўстрымацца ад ужывання недаваранага і недасмажанага мяса. Бо мяркуюць, што заражэнне адбылося ад мяса марскіх ці сухапутных млекакормячых.

Сімптомы каронавіруса 2019-nCoV

агульнае недамаганне

– кашаль

– высокая тэмпература

– задышка

– у некаторых выпадках – дыярэя

Разам з тым, захворванне можа быць і без сімптомаў. Асабліва ўразлівыя перад вірусам сталыя людзі і людзі з аслабленым імунітэтам. Інкубацыйны перыяд – ад аднаго да 14 дзён.

З гісторыі эпідэмій у Беларусі і рэгіёне

З гісторыі Мядзельшчыны вядома, што да пачатку 20 стагоддзя горад дзяліўся на Стары і Новы. Такое дзяленне было абумоўлена эпідэміяй халеры і чумы, што мелі месца ў 15 стагоддзі.

Старажытны Мядзел узнік прыкладна ў дзясятым стагоддзі на востраве возера Мядзел.

Але ў сярэдзіне 15 стагоддзя з-за некалькіх эпідэмій чумы і халеры людзі перасяліліся на паўночны бераг возера Мястра. Новы Мядзел вядомы з 1462 года.

У апошні год Першай сусветнай вайны эпідэмія «іспанкі» – адной з формаў грыпу – ахапіла планету. Іспанкай грып назвалі таму, што ў Іспаніі прэса больш свабодна, чым у іншых краінах, пісала пра хваробу.

Эпідэмія працягвалася да 1920 года і забіла 50-100 мільёнаў чалавек з 500 мільёнаў інфіцыраваных.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі ад іспанкі асабліва пацярпелі Віцебшчына і Магілёўшчына. У Мінскай вобласці тады зафіксавалі 15 выпадкаў.

Як прыгадвалі сталыя людзі з вёскі Лёпаўшчына, што на Вілейшчыне, вяскоўцы ў барацьбе з «іспанкай» спадзяваліся на Бога. Якраз у пачатку 20 стагоддзя на ўскрайку вёскі паўстала капліца. Яна, на думку мясцовых жыхароў, павінна была засцерагчы людзей ад хваробы.

Ніхто з Лёпаўшчыны на «іспанку» не захварэў. А капліца стаіць і сёння.

Даведка

Каранавірус – гэта сямейства вірусаў, якое паражае людзей і жывёл. Сваю назву вірус атрымаў з-за адросткаў, падобных да шыпоў, якія нагадваюць карону.

• Текст доступен на языке: Русский