У Маладзечне работніцу мабільнага салона падазраюць у прысваенні тэлефонаў на 5 тысяч рублёў

У Маладзечанскі РАУС звярнуліся каля 15 чалавек, якія заявілі, што з іх патрабуюць аплату за мабільныя тэлефоны, якія яны нібыта аформілі ў растэрміноўку. На самай жа справе, па іх словах, смартфоны грамадзяне не куплялі.

Аператыўнікі высветлілі, што маладзечанцам ад аператара сотавай сувязі паступілі прэтэнзіі аб наяўнасці запазычанасці па растэрміноўцы за набыты тавар. Аднак заяўнікі не ведалі, што на іх пашпарт быў аформлены так званы крэдыт.

Як аказалася, раней усе грамадзяне звярталіся ў адзін і той жа салон аднаго з аператараў сотавай сувязі, дзе набывалі сім-карты альбо мабільныя прылады.

У ходзе правядзення праверачных мерапрыемстваў супрацоўнікі АБЭЗ выйшлі на след 24-гадовай супрацоўніцы салона. Дзяўчына афармляла ў растэрміноўку тэлефоны, выкарыстоўваючы пашпартныя дадзеныя кліентаў. Пасля гаджэты прадавала праз Інтэрнэт па прывабным цэнах, а атрыманыя грошы траціла на асабістыя патрэбы.

Калі ў краму звярталіся пацярпелыя кліенты, дзяўчына, каб схаваць факты сваёй злачыннай дзейнасці, спасылалася на памылкі ў электроннай базе.

За два месяцы маладзечанка аформіла ў растэрміноўку смартфоны на агульную суму амаль 5 тысяч рублёў.

Дзяўчына прызнала віну і раскаялася ў зробленым. Свой учынак яна абгрунтавала цяжкім фінансавым становішчам.

У яе дзеяннях угледжваюцца прыкметы складу злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 211 КК Рэспублікі Беларусь «Прысваенне альбо растрата». Максімальная санкцыя артыкула прадугледжвае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.