Фота Настассі Уткінай.

Грамадскі рух супрацьдзеяння праекту будаванай Беларуссю побач з літоўскай мяжой і за 50 км ад Вільні атамнай электрастанцыі (БелАЭС) стварылі ў Літве. Рашэнне аб гэтым зацвердзілі ў суботу на ўстаноўчым пасяджэнні ініцыятыўнай групы.

«У задачы нашага руху ўваходзіць дамагацца таго, каб Еўразвяз пачуў пазыцыю Літвы наконт БелАЭС і падтрымаў яе ўсімі магчымымі сродкамі, каб ядзерны праект Беларусі, калі яго немагчыма спыніць, не атрымаў далейшага разьвіцця», — адзначыў адзін з ініцыятараў дэпутат Сойму Жыгімантас Павілёніс.

Рух мае намер усяляк падтрымліваць намаганні прэзідэнта Гітанаса Наўседы, накіраваныя на тое, каб дамагчыся салідарнага рашэння еўрапейскіх партнёраў Літвы не закупляць электраэнэргію БелАЭС, якую Вільня лічыць небяспечнай. Паводле задумы ініцыятараў, грамадскі рух мае стаць цэнтрам, які будзе пастаянна нагадваць пра небяспеку з’яўленьня гэтага ядзернага аб’екта.

Ініцыятыўную групу склалі некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку дэпутаты парламэнту і Еўрапарламэнту, экс-міністр замежных спраў, экс-кіраўнік дэпартамэнту дзяржаўнай бяспекі, шэраг палітыкаў ад апазыцыі і грамадзкіх дзеячоў. Рух адкрыты для ўсіх, хто падзяляе яго пазіцыю. 15 лютага плануюць правесці з’езд.

Прафесар Вітаўтас Ландсбергіс у сваім выступленні сказаў, што ніколі не позна сказаць небяспецы і несправядлівасці “не”. Хоць нельга адмаўляць, што папярэднія ўрады ў дачыненні да Астравецкай АЭС дапусцілі памылкі, грамадскасць павінна спытаць сябе: “Што мы можам зрабіць цяпер?” Голас Літвы можа і мусіць быць пачуты, але для гэтага трэба працаваць разам.

Адзін з заснавальнікаў, дэпутат Еўрапарламэнту Пятрас Аўштравічус звярнуў увагу, што ў Літве пануе ўяўленне, што Астравецкая АЭС ужо пабудаваная і што грамадства ўжо нічога не можа зрабіць.

Аднак гэта недакладна – беларускія ўлады плануюць далей развіваць праект небяспечнай электрастанцыі, таму, безумоўна, яшчэ не позна актыўна выступаць супраць гэтых планаў.

Дэпутат Сойму, пасол Жыгімантас Павілёніс заявіў, што Рух супраць Астравецкай АЭС плануе аб’яднаць усе палітычныя сілы і грамадскія рухі, якія не толькі падтрымліваюць зялёны курс Еўропы і зялёную энэргетыку Літвы, але і імкнуцца дапамагчы прэзідэнту Гітанасу Наўседу дасягнуць ягонай мэты, каб усе краіны ЭЗ ухвалілі электраэмбарга з небяспечнай АЭС.

– Падчас першага з’езду Руху супраць Астравецкай АЭС мы ініцыюем еўрапейскую петыцыю супраць гэтай атамнай электрастанцыі – некалькі гадоў таму мы сабралі 65 000 подпісаў грамадзянаў Літвы, цяпер усе разам, выкарыстоўваючы ўсе нашыя сувязі на Захадзе, мы мусім пераканаць нашых братоў і сясцёр эўрапейцаў, што Астравец – экзістэнцыйная небяспека для ўсёй Эўропы, – заявіў Павілёніс.

• Текст доступен на языке: Русский