Літоўская разведка: на Астравецкай АЭС быў пажар, але інфармацыю пра гэта схавалі

Літоўская разведка паведамляе, што па меры набліжэння дня запуску Астравецкай АЭС нарастае напружанне ў адносінах паміж беларускімі ведамствамі і прадстаўнікамі кампаніі «Расатам», якая ажыццяўляе праект.

У традыцыйнай справаздачы Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы і ваеннай разведкі сказана, што АЭС будуюць насуперак патрабаванням міжнародных стандартаў бяспекі.

– Па меры набліжэння устаноўленага тэрміну запуску БелАЭС нарастае напружанне паміж адказнымі беларускімі ведамствамі, заказчыкамі праекта, і прадстаўнікамі «Расатам» – усе яны баяцца адказнасці за магчымыя інцыдэнты на пабудаванай у спешцы БелАЭС, – сказана ў справаздачы.

Разведка звярнула ўвагу на тое, што ў ліпені 2019 года з пасады сышоў Дзмітры Раманец, які кіраваў будаўніцтвам станцыі. Літоўская разведка лічыць, што ён сышоў з пасады, каб «пазбегнуць адказнасці інцыдэнты і далейшыя складаныя работы па падрыхтоўцы станцыі да запуску».

Па дадзеных справаздачы, Следчы камітэт Беларусі ўжо пачаў расследаванне ў сувязі з інцыдэнтамі на будаўнічай пляцоўцы. У ходзе расследавання затрымалі некалькі чалавек, якія працавалі на расійскага падрадчыка. Аднак з-за ціску з боку расійскіх дыпламатаў справы спынілі.

У дакуменце сказана, што прадстаўнікі «Расатама» нядбала ставяцца да патрабаванняў беларускіх ведамстваў, кантралюючых будаўніцтва, а самім беларусам не хапае як кампетэнтнасці, так і волі для жорсткага кантролю.

Па дадзеных разведкі, у канцы чэрвеня мінулага года з-за нядбайных дзеянняў рабочых у першым блоку АЭС, побач з рэактарам, пачаўся пажар, аднак беларускія ведамствы не паведамілі пра гэты інцыдэнт.

– Па ацэнцы разведкі, устаноўку ўтойвання падобнай інфармацыі пра недахопы праекта БелАЭС падтрымлівае «Расатам», паколькі баіцца за сваю міжнародную рэпутацыю надзейнага партнёра ў справе ажыццяўлення праектаў будаўніцтва АЭС, – сказана ў дакуменце.

Беларусь сцвярджае, што Астравецкая АЭС, якую будуюць у 50 км ад Вільні, пачне працу ў гэтым годзе. Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, які знаходзіцца з візітам у Беларусі, на сустрэчы з прэм’ер-міністрам і кіраўніком МЗС Беларусі мае намер патрабаваць, каб перад запускам АЭС былі выкананы ўсе міжнародныя рэкамендацыі.