Мужчыну з Маладзечна і ягонага брата затрымалі за збыт какаіну

28 студзеня супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС затрымалі траіх мужчын, якія напярэдадні ў Мінскім раёне прадалі за $3000 каля 20 грамаў какаіну жыхару Капыльскага раёна. Аб гэтым паведамляе прэс-служба МУС.

Сярод падазраваных – 43-гадовы ўраджэнец Беларусі, які пражывае ў нямецкім Гамбургу, яго 38-гадовы брат з Маладзечна і 30-гадовы грамадзянін Германіі.

Начальнік аддзела ГУБАЗіК МУС Аляксей Барысёнак распавёў, што збыт наркотыку – «спадарожнае» злачынства. Першапачаткова беларусы планавалі выкрасці ў сябе на радзіме аўтамабіль замежніка. Для гэтага яны арганізавалі замежную турыстычную паездку на яго BMW.

Разам з немцам з Гамбурга выехаў старэйшы з братоў, які змясціў у сябе пробную партыю наркотыку і паспяхова перасёк з ёй мяжу.

Па прыбыцці на месца беларусы арганізавалі забаўляльную праграму, падчас якой планавалася вырабіць дублікат ключоў ад яго аўто. Каб было алібі перад госцем, у будучыні меркавалася яго самастойная паездка ў Беларусь, падчас якой і была б выкрадзена іншамарка.

Усе злачынныя дзеі і іх падрыхтоўка задакументавалі аператыўнікі па барацьбе з аргзлачыннасцю і карупцыяй, пасля чаго падазраваных затрымалі ў пасёлку Хацежына.

Цяпер беларусы знаходзяцца ў ІЧУ, а немец абавязаны яўкай. Дзеянням усіх фігурантаў следчымі дадзена прававая ацэнка, распачата крымінальная справа за збыт какаіну. Таксама працягваецца праверка па фактах незаконнага перамяшчэння наркотыку праз дзяржмяжу і прыгатавання да крадзяжу ў асабліва буйным памеры.

Паводле інфармацыі ГУБАЗіК МУС, старэйшы з беларусаў займаўся ў Германіі крымінальным аўтабізнесам і распаўсюджваннем наркотыкаў. Раней на тэрыторыі Беларусі ён прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за буйныя крадзяжы і ўцёкі з месцаў пазбаўлення волі.

Яго брата таксама судзілі: за разбой, забойства, крадзяжы і рабаванні. А ў снежні мінулага года мужчына вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, дзе адбываў пакаранне за бандытызм.

Грамадзянін Германіі да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся.