На Вілейскім вадасховішчы браканьеры вылавілі рыбы на 15 тысяч рублёў

На Вілейскім вадасховішчы браканьеры вылавілі сеткамі 176 кг рыбы. Аб гэтым паведамляе Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету.

2 кастрычніка іх затрымалі супрацоўнікі Мядзельскай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. У момант затрымання двое «здабытчыкаў» знаходзіліся з лодкай на беразе. Улоў паспелі загрузіць у машыну свайго таварыша, які павінен быў даставіць рыбу ў Вілейку, аднак і яго спынілі ў дарозе.

Кіроўца, у багажніку у якога інспектары выявілі 9 мяхоў з сеткамі і рыбай, распавёў, хто перадаў яму незаконны набытак. Усіх трох узялі пад варту, а аўто ўзялі пад арышт. Узбуджаная крымінальная справа.

Ва ўлове сецявікоў аказалася дзесяткі асобін адборнага судака (64 штукі) і ляшча (61 штука), а таксама 12 асобін больш дробнай рыбы.

Прычыненую прыродзе шкоду ацанілі амаль у 15 тысяч рублёў, гэтую суму затрыманыя абяцалі аплаціць у бліжэйшыя дні.