Фота з архіва “РГ”. Падчас кірмаша вакансій у Вілейцы.

Раён стаў лідарам па гэтым разрыве ў Беларусі. Агулам па краіне вызначылі 28 раёнаў і адзін горад з напружаным становішчам на рынку працы.

Гэта амаль удвая менш, чым летась, калі такіх раёнаў было 53. 19 тэрыторый трапілі ў спіс другі раз.

Як вызначаюць праблемныя па занятасці раёны і гарады

Спіс праблемных тэрыторый складаюць штогод. Некаторыя раёны і гарады туды трапляюць паўторна. Да прыкладу, у спісе на 2020 год такіх тэрыторый 19. У Брэсцкай вобласці – 2, у Віцебскай – 8. У Гомельскай і Гродзенскай – па адным. У Мінскай – 6. А ў Магілёўскай паўторна ў спіс патрапіў Бабруйск – адзіны горад, які ўключылі ў пералік у 2019-м і гэтым гадах.

Праблемныя раёны вызначаюць не па адным крытэры, а па сукупнасці на падставе адміністрацыйных дадзеных, ведамаснай справаздачнасці і афіцыйнай статыстычнай інфармацыі.

Пры складанні пераліку тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы ўлічваецца і ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя, і колькасць беспрацоўных, якія шукаюць працу больш за 12 месяцаў, і доля работнікаў арганізацый, якія працавалі ў рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці.

Сярод іншых крытэраў – доля работнікаў арганізацый, якія былі ў прастоі цэлы дзень, суадносіны колькасці беспрацоўных да колькасці вакансій і колькасці прынятых работнікаў да ліку звольненых. Усе адзнакі, выстаўленыя па гэтых пунктах, складаюць і дзеляць на іх колькасць. Раёны і гарады з самымі высокімі паказчыкамі і трапляюць у выніковы спіс тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы.

Дзе больш звальняюць, чым наймаюць

Крытэрый, які паўплываў на ўключэнне ў спіс практычна ўсіх тэрыторый, – суадносіны прынятых і звольненых работнікаў. Прычым у раёнах, якія апынуліся ў ім паўторна, гэты пункт стаў вырашальным у 16 ​​выпадках з 18. У лідарах па разрыву паміж колькасцю звольненых і прынятых на працу – Вілейскі раён. Там нанятых менш на 25,1%, чым тых, каму вярнулі працоўную кніжку. На другім месцы – Свіслацкі раён з розніцай паміж звольненымі і прынятымі 25%. На трэцім – Крупскі раён, дзе разрыў 23,9%.

На рэйтынг паўплываў і тэмп росту колькасці занятых у рэгіёне – гэта суадносіны колькасці занятых у эканоміцы да колькасці занятых у аналагічным перыядзе мінулага года. Звычайна на гэты паказчык у вялікай ступені ўплывае на ўзровень напружанасці на рынку працы. Па рэспубліцы ён на ўзроўні 1. На тэрыторыях, якія трапілі ў спіс, ён пераваліў за адзінку. Аднак у некаторых раёнах нават пры ўзроўні напружанасці на рынку працы ніжэй адзінкі тэмп росту колькасці занятых апынуўся мінімальным ў вобласці. У Брэсцкай – гэта Іванаўскі раён (знізіўся на 2%), у Віцебскай – Гарадоцкі (-2,6%), у Гомельскай – Добрушскі (-4,7%), у Гродзенскай -– Зэльвенскі (-3,5%), у Мінскай -– Капыльскі і Мядзельскі (-2,5%), у Магілёўскай – Дрыбінскі (-3,6%).

Дзе больш за ўсё работнікаў, якіх адпраўлялі на няпоўны дзень

У многіх раёнах, якія трапілі ў спіс, заўважная колькасць работнікаў сутыкнулася з няпоўнай занятасцю. Больш за ўсё такіх у Глыбоцкім (6,5% ад спісачнай колькасці работнікаў). Крыху ніжэй гэты паказчык у Шаркаўшчынскім раёне – 6,2%.

Ёсць тэрыторыі з прадпрыемствамі, дзе абвясцілі прастой на цэлы дзень. У Талачынскім раёне такіх 2,1% ад іх спісачнай колькасці, у Маладзечанскім – 2,9%, у Пухавіцкім і Рагачоўскім – 3,3%, у Бярозаўскім і Лагойскім – 2,4%.

У спіс трапілі таксама раёны, дзе цяжэй за ўсё уладкавацца на працу. Да прыкладу, у Мёрскім 11,1% афіцыйных беспрацоўных стаіць на ўліку больш за год. У Пастаўскім раёне – 2,8%, а Лагойскім – 1,6% такіх.

• Текст доступен на языке: Русский