Фота tsn.ua.

Усё пачалося з Кіяну Рыўза ў падручніку па Сусветнай гісторыі, а працягнулася мапай з камп’ютарнай гульні ў падручніку па геаграфіі.

Украінскае выданне delo.ua 3 лютага паведаміла пра фотаздымак у падручніку, на якім быў галівудскі актор Кіяну Рыўз.

Ва ўкраінскім падручніку па сусветнай гісторыі за 10 клас да вядомай фатаграфіі «Абед на хмарачосе» (здымак зрабіў у 1932 годзе невядомы фатограф) зафоташопілі фота акцёра Кіяну Рыўза.

Фота delo.ua. Здымак з падручніка.

Зорку галівудскіх баевікоў можна знайсці на 58 старонцы падручніка, на якой пачынаецца дзявяты параграф кнігі «Злучаныя Штаты Амерыкі ў перыяд паміж войнамі». Параграф ілюструе знакамітая фатаграфія «Абед на хмарачосе», таксама вядомая як «Нью-ёркскія рабочыя, абедаюць на папярочнай бэльцы». Аднак калі на арыгінале намалявана 11 рабочых, то ва ўкраінскім падручніку гісторыі да іх дадалася яшчэ адна фігура. Асабліва уважлівы чытач можа пазнаць у ёй акцёра Кіану Рыўза са знакамітага мема «Як справы піражок?».

Арыгінальны мем.

У самой кнізе адзначаецца, што яна выпушчаная у 2018 годзе і рэкамендавана Міністэрствам адукацыі і навукі Украіны. Пры гэтым выдаваўся падручнік за кошт дзяржаўнага бюджэту. Аўтарам паказаны Ігар Шчупак.

Аўтар кнігі заявіў, што зрабіў гэта наўмысна. На сваёй старонцы ў Facebook гісторык напісаў:

– Чаму ў школьным падручніку размешчана не арыгінальнае фота, а мем? У гэтага ёсць свая кароткая гісторыя. Калі дызайнер падручніка, які разам са мной падбіраў ілюстрацыі для кнігі, паказаў мне старонку з фатаграфіяй, «дапоўненай» Кіяну Рыўзам, – я спачатку не ўбачыў гэтую маленькую фігуру. Але потым, калі заўважыў мем, прапанаваў пакінуць яго. Я ўспомніў, як у канцы 1990-х гадоў у адным навучальным дапаможніку быў змешчаны партрэт Актавіяна Аўгуста з подпісам «Юлі Цэзар». За доўгія гады выкарыстання кнігі гэта заўважылі і напісалі пра гэта… нуль чытачоў.

На наступны дзень, 4 лютага, карыстальніца Facebook адзначыла, што ў падручніку па геаграфіі за шосты клас ёсць мапа з камп’ютарнай гульні «Скайрым».

 

Фота facebook.com/a.chabarai.

У карыстальніцы толькі адно пытанне: PC, PS ці Xbox?

• Текст доступен на языке: Русский