
На гэтым тыдні на Астравеччыне, у Рымдзюнах, сустрэліся міністры замежных спраў Беларусі і Літвы. Лінас Лінкявічус і Уладзімір Макей наведалі літоўскамоўную і беларускамоўную школы, пагутарылі пра адносіны краін і далейшае супрацоўніцтва, а таксама закранулі тэму Астравецкай АЭС.
А пасля афіцыйных сустрэч Лінас Лінкявічус наведаў 96-гадовую жыхарку вёскі Петрыкі, што побач з Рымдзюнамі, колішнюю гераіню нашых публікацый Марыю Мажэйкене.
Міністры слухалі літоўскія і беларускія вершы
Пра тое, як прайшла сустрэча міністраў замежных спраў дзвюх краін у Рымдзюнах, распавяла дырэктар аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Рымдзюны Наталля Бялячыц.
– Адразу да нас прыехаў Уладзімір Макей. Пасля – Лінас Лінкявічус. Абодвух міністраў сустрэлі на пляцоўцы каля Цэнтра літоўскай культуры, мовы і адукацыі. Сустракалі дырэктар школы з літоўскай мовай навучання Святлана Лукшэне і дырэктар беларускамоўнай школы Людміла Дарафей. Вучні чыталі для гасцей вершы па-літоўску і па-беларуску. А вучаніцы літоўскамоўнай школы падрыхтавалі танец «Кяпуріне» (капелюшы), – расказала Наталля.
Для міністраў правялі экскурсіі па абедзвюх школах, пабылі яны ў і Літоўскім цэнтры культуры, мовы і адукацыі.
Наведалі музейны пакой, які назвалі фішкай Гервяцкага краю.
У глядацкай зале цэнтра сустрэліся з прадстаўнікамі літоўскіх супольнасцяў Беларусі і паслухалі мясцовы фальклорны калектыў «Жыльвіціс» (вярба). Артысты выканалі песні па-літоўску і беларуску.
Абмяняліся кнігамі на ўспамін
На ўспамін пра сустрэчу ў Рымдзюнах міністры павезлі кнігі пра Гервяцкі край. Пакінулі таксама Рымдзюнам падарункі, а яшчэ запісы ў Кнізе ганаровых гасцей.

– Абодва міністры адзначылі, што наш Гервяцкі край унікальны, што тут душэўныя людзі. Заўважылі, што нават не хочацца адсюль з’язджаць, – дзеліцца Наталля.
З Рымдзюнаў міністр Лінас Лінкявічус паехаў у вёску Петрыкі да 96-гадовай Марыі Мажэйкене. Па словах Наталлі, ён пісьмова віншаваў Марыю з 90-годдзем і вельмі хацеў асабіста пазнаёміцца з ёй.
Гэта міністр і зрабіў падчас сустрэчы. Ён падзякаваў Марыі Мажэйкене за тое, што жанчына паважае і захоўвае літоўскія традыцыі на Астравеччыне.
У сябе ў Твітары кіраўнік МЗС Літвы падзякаваў літоўскай дыяспары за захаванне літоўскай ідэнтычнасці.
– Візіт у Беларусь пачаўся з сустрэчы з літоўскай суполкай, абмеркавання іх патрэб. Удзячны за іх прыхільнасць да захавання літоўскай ідэнтычнасці.
АЭС у Астраўцы – галоўнае рознагалоссе ў адносінах Беларусі і Літвы
Лінас Лінкявічус адзначыў, што Літва па-ранейшаму настойвае на тым, каб Беларусь прыняла план дзеянняў па выкананні рэкамендацый міжнародных арганізацый у галіне бяспекі АЭС.
Літоўскі міністр сказаў, што ў беларуска-літоўскіх адносінах ёсць рознагалоссі, а самае вялікае – Астравецкая АЭС.
Уладзімір Макей адказаў, што Беларусь таксама зацікаўленая ў бяспецы станцыі. Ён адзначыў, што ўсе рэкамендацыі, якія будуць выказаныя Літвой, будуць абмеркаваныя, а падчас візіту еўрапейскага рэгулятара гэтыя рэкамендацыі разгледзяць з адпаведнымі экспертамі.
Як перадае tut.by, Макей не змог сказаць, калі адбудзецца пуск першага энергаблока АЭС.
Пуск прыйшлося перанесці «з-за розных прычын».
Сустрэча з Румасам і супрацоўніцтва краін
БелТА паведамляе, што Лінкявічус пазней сустрэўся з прэм’ер-міністрам Сяргеем Румасам. Сяргей Румас звярнуў увагу, што Беларусь і Літва – краіны-суседзі, і блізкасць рынкаў, глыбокія культурныя, роднасныя кантакты, якія гістарычна склаліся, ствараюць трывалы падмурак, які дазваляе будаваць узаемавыгаднае беларуска-літоўскае супрацоўніцтва.
– Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Літвой сёння развіваецца вельмі добра. У 2019 годзе тавараабарот наблізіўся да 1,5 мільярда долараў. На працягу апошніх пяці гадоў беларускія грузы забяспечваюць 30% загрузкі Клайпедскага дзяржаўнага марскога порта, – адзначыў кіраўнік беларускага ўрада.
Актыўную ўзаемную цікавасць пацвярджае візавая статыстыка. Таму, на думку Сяргея Румаса, для ўрадаў дзвюх краін важнай задачай становіцца павышэнне прапускной здольнасці і сінхранізацыя працы пагранічных і мытных службаў Беларусі і Літвы.
Прэм’ер-міністр упэўнены, што патэнцыял беларуска-літоўскага супрацоўніцтва далёка не вычарпаны.
У інтарэсах Беларусі і Літвы – падтрымліваць дыялог і развіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва. Пра гэта заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сёння па выніках сустрэчы са сваім літоўскім калегам Лінасам Лінкявічусам, перадае карэспандэнт БелТА.
Па словах Макея, Беларусь і Літва не проста краіны-суседзі, яны маюць агульную шматвяковую гісторыю.
– Мы можам па-рознаму інтэрпрэтаваць яе асобныя перыяды, але відавочна адно: на працягу стагоддзяў мы жылі ў адной дзяржаве – Вялікім Княстве Літоўскім. Паміж краінамі склаліся цесныя эканамічныя, гуманітарныя і міжчалавечыя кантакты.
Міністр замежных спраў Беларусі ўпэўнены, што ў інтарэсах абедзвюх дзяржаў падтрымліваць дыялог і развіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва.
• Текст доступен на языке: Русский