Брыганціна. Фота family.by.

У Радашкавічах у дзіцячым лагеры «Брыганціна» ад 7 лютага па 31 сакавіка размесцяць грамадзянаў Кітаю, якія навучаюцца ў беларускіх універсітэтах і нядаўна вярнуліся з каніул на радзіме. Гэтую інфармацыю карэспандэнту belsat.eu пацвердзілі ў лагеры «Брыганціна».

Ва ўстанове адзначылі, што лагер можа пачаць працаваць у новым статусе ўжо ад сённяшняга дня, 7 лютага. Раніцай там знаходзіліся з праверкамі прадстаўнікі розных інстанцыяў.

Прадстаўніца адміністрацыі лагера, якая не пажадала назваць свае імя, распавяла нам, што гаворка агулам ідзе пра 150 чалавек.

«Паводле загаду Міністэрства адукацыі групы студэнтаў па некалькі дзясяткаў чалавек будуць знаходзіцца цягам двух тыдняў. Гэта рэабілітацыя, а не абследаванне (на наяўнасць каронавірусу – belsat.eu), тут нічога страшнага няма. З імі ўжо прафілактычныя мерапрыемствы правялі. Яны проста тут будуць знаходзіцца некаторы час…», – сказала суразмоўца belsat.eu.

Пры гэтым яна адзначыла, што ўсе дэталі персаналу лагера пакуль невядомыя, але падазрэння на каронавірус няма ні ў аднаго чалавека з усёй групы, студэнты «абсалютна здаровыя».

Навошта ў такім разе іх ізаляваць – у лагеры не кажуць. Працаўнікам не будуць выдаваць спецыяльныя касцюмы і іншыя сродкі біяабароны, з захадаў бяспекі – «толькі мыццё рук».

Паводле супрацоўнікаў лагеру, сярод персаналу няма апасенняў што да заражэння каронавірусам.

«У нас жа санстанцыя кожны дзень, і Маладзечна, і Мнск нас запэўніваюць… Учора нарада ў дырэктара была, яму паведамілі, што ўсё ў парадку павінна быць», – дадала прадстаўніца адміністрацыі лагера.

Дзяцей лагер «Брыганціна» у бліжэйшы час прымаць не плануе.

Аператыўна атрымаць каментары ў прэс-службе Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя не ўдалося.

***

Спартова-аздараўляльны комплекс БДУ «Брыганціна» ўваходзіць у склад комплексу БДУ. Ён знаходзіцца на беразе штучнага возера.

• Текст доступен на языке: Русский