Фота otvet.mail.ru.

У адзін дзень, 5 лютага, у Красным сабака накінуўся на чацвярых дзяцей. Як пазней школьнікі раскажуць бацькам, жывёла імкнулася ўкусіць за шчокі. Больш за ўсё пацярпеў пяцікласнік Герман: хлопчыку наклалі швы на твар. У сітуацыі разбіраецца міліцыя, піша TUT.BY.

– Мы жывём у шматкватэрным доме, і днём у сераду сын пайшоў да аднаго сябра, патэлефанаваў у дамафон, а потым сеў чакаць на лаўцы. У гэты момант з-за вугла выбег сабака, накінуўся проста на Германа і схапіў за твар. Побач нікога не было: ні дарослых, ні дзяцей, – распавядае TUT.BY Таццяна, мама школьніка Германа. – Сын прыбег дадому ў крыві з крыкамі і слязьмі.

Як распавядаюць бацькі пацярпелых дзяцей, на школьнікаў накінуўся сабака мясцовых жыхароў. Спярша жывёла накінулася на другакласнікаў, калі яны выйшлі са школы, а праз некаторы час – на пяцікласніка Германа.

– У 13.05 пасля ўрокаў дзеці выйшлі са школы, толькі спусціліся з ганка, трохі прайшлі – і выскачыў вялізны сабака. Кінуўся ў натоўп. У сына шапка-шлем, тырчалі толькі вочы і нос, а сабака стараўся схапіць за шчаку, таму пракусіў шапку. Аднакласніцу Мікіты жывёла схапіла за капюшон, яшчэ адной дзяўчынцы порвала куртку, – кажа Ірына, мама другакласніка Мікіты. – Сын дзве гадзіны плакаў, у яго такая псіхалагічная траўма!

Зараз трое дзяцей ляжаць у хірургічным аддзяленні Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы.

– Сыну зашылі шчаку, наклалі швы, укалолі лекі супраць шаленства, таму што патрапіла сліна сабакі. Пакуль ніхто не ведае: была жывёла шалёнай ці не, але ўчора яе ўжо ўсыпілі. Гаспадары сабакі тэлефанавалі, прапаноўвалі дапамогу, але адзінае, што мне трэба было – каб сабаку ізалявалі. Сын нармальна сябе адчувае, але да гэтага часу баліць шчака, нязручна ёсці, – распавядае Таццяна, мясцовая жыхарка вёскі Краснае.

Па словах намесніка галоўнага доктара Маладзечанскай раённай бальніцы Іны Саўчык, стан школьнікаў здавальняючы:

— Аказаная адпаведная медыцынская дапамога ў адпаведнасці з клінічнымі пратаколамі, дзеці атрымліваюць антырабічную вакцыну. Аднаму з пацыентаў наклалі некалькі швоў.

На наступны дзень пасля здарэння бацькі школьнікаў пайшлі з калектыўнай скаргай у сельсавет. Там адмаўляюцца што-небудзь каментаваць, але пацвердзілі, што для разбору выклікалі міліцыю.

— Учора, 6 лютага, на лінію 102 паступіла паведамленне аб тым, што ў вёсцы Краснае Маладзечанскага раёна 5 лютага каля 15 гадзін сабака пакусаў дзяцей, 11-гадовага і дваіх сямігадовых. Хлопцаў шпіталізавалі. Супрацоўнікі міліцыі, што прыбылі, устанавілі гаспадара жывёлы. Цяпер небяспека абмінула — камунальныя службы ўсыпілі сабаку. Прызначаныя судова-медыцынскія экспертызы. Праводзіцца праверка, — паведаміў TUT.BY афіцыйны прадстаўнік абласнога УУС Сяргей Чабатароў.

• Текст доступен на языке: Русский