Віталь Круповіч 25-ы год працуе у Смаргонскай ЦРБ, а на працягу 9 апошніх месяцаў выконваў абавязкі галоўнага доктара.
Па спецыяльнасці Віталь Круповіч – доктар-неўролаг. Ад 1996 года працаваў у паліклініцы, затым у неўралагічным аддзяленні бальніцы. У 2000 годзе стаў намеснікам галоўнага доктара па медыцынскай частцы.
– Калектыў мне добра знаёмы. І я лічу, што ў бліжэйшы час кадравыя перастаноўкі не патрэбныя. Усё – ад загадчыкаў аддзяленняў да сярэдняга і малодшага медыцынскага персаналу – выдатна спраўляюцца з абавязкамі. Ёсць дасведчаныя дактары, у гэтым годзе да нас прыйшлі 14 маладых спецыялістаў, сплаў маладосці і вопыту дае добрыя вынікі, – заяўляе Віталь Эдвардавіч.
Рэалізацыю сваіх планаў галоўны доктар ужо пачаў: завяршаецца рамонт прыёмнага аддзялення, на чарзе – першы паверх таго ж будынка. Там знаходзяцца хол для наведвальнікаў, кабінеты УГД і фізіятэрапіі, лабараторыя. Рамонту чакаюць аддзяленне кардыялогіі, некаторыя сельскія амбулаторыі і ФАПы.
Працягнецца і закупка новага абсталявання. На сродкі абласнога бюджэту набудуць высокатэхналагічнае абсталяванне для правядзення аперацый на касцях і суставах ў аддзяленне траўматалогіі, а таксама набор інструментаў для гэтага аддзялення. Плануецца стварэнне перасоўнага фельчарска-акушэрскага пункта на базе аўтамабіля МАЗ. Яго можна абсталяваць УГД-апаратам і іншымі опцыямі, каб аказваць дапамогу пацыентам з аддаленых вёсак.
• Текст доступен на языке: Русский