Фота з вучэнняў у 2018 годзе.

Валанцёры атрада «Анёл Паўночны Захад» сталі пераможцамі нашай традыцыйнай акцыі «Асоба года». Анёлаў мы ўзнагародзілі ў намінацыі «Учынак года». Атрымаць узнагароду прыйшоў прадстаўнік Максім Федаровіч.

Надзвычай важна ў складанай сітуацыі ведаць, што можаш разлічваць на дапамогу. Менавіта гэтым і займаюцца валанцёры атрада «Анёл Паўночны Захад». Валанцёры дапамагаюць шукаць зніклых і аддаюць на гэта свой час, веды і сродкі. Ніхто не ведае, у чый дом можа прыйсці бяда. Але ўсім нам спакайней ад таго, што на дапамогу прыйдуць тыя, хто ведае, як і што рабіць.

Галоўны рэдактар Аляксандр Манцэвіч (злева) і Максім Федаровіч.

З-за бясснежнай зімы больш зніклых

Звычайна зіма – час зацішша для пошукавых атрадаў. Калі снег і маразы, людзі стараюцца больш часу праводзіць дома. Таму і губляюцца не часта. Але сёлетняя зіма такога перапынку не дала. Апошні выезд маладзечанскіх анёлаў быў 25 снежня. Ужо 3 студзеня маладзечанцы выязджалі на першы пошук у гэтым годзе.

На пытанне, колькі выездаў на пошукі зрабіў атрад летась, Максім адказаў, што пасля 30-га разу збіўся. Але прыкідвалі, што ўсяго было 70­80. Быў месяц абсалютна спакойны. А здараецца, за адзін дзень прыйдзе 3­4 заяўкі. Аднойчы за адзін дзень атрад зрабіў чатыры выезды пад Мінск.

Звычайна ад атрада выязджае 4­5 чалавек на адной машыне. Атрад «Анёл Паўночны Захад» працуе на Маладзечанскі, Смаргонскі, Вілейскі, Валожынскі раёны.

З гэтых раёнаў атрад атрымаў 30 заявак за мінулы год, толькі двух зніклых не знайшлі. Пры магчымасці выязджаюць на пошукі па ўсёй краіне, калі ёсць такая патрэба.

У маладзечанскім атрадзе ўдзельнікі могуць выконваць ролю старшага групы. Яны маюць добрую падрыхтоўку і досвед, таму могуць кіраваць групамі валанцёраў. Здараецца, на пошукі збіраецца нямала валанцёраў, а старшых групы
ня шмат. А без такіх спецыялістаў, якія ведаюць, як шукаць, дасягнуць поспеху не проста.

Максім Федаровіч.
Фота Настассі Уткінай.

Таму актывісты назапашваюць досвед, удзельнічаюць у навучанні па арыентаванні на мясцовасці, каардынаванні, карыстанні тэхнікай і іншым. Менавіта веды вызначаюць поспех пошуку.

Рэкі, канавы і меліярацыйныя сістэмы аглядаюць дзве групы па два чалавекі з кожнага берага. Кожны з валанцёраў глядзіць на супрацьлеглы бераг, каб дакладна нічога не прапусціць. Гэта толькі адзін з прыкладаў, які паказвае ўзровень арганізацыі пошукаў.

– Самымі складанымі за мінулы год былі пошукі ў лясах Пухавіцкага раёна, – дзеліцца Максім. – Там часта губляліся людзі.

Цяпер больш валанцёраў

На пошуках каардынатар ставіць перад групай дакладную задачу, а група яе адпрацоўвае. Максім адзначае, што цяпер на пошукі адгукаецца шмат валанцёраў. Асабліва актыўна адгукаюцца, калі губляюцца дзеці.

Яшчэ два гады таму актыўнасць была значна ніжэйшая. Напрыклад, на пошукі сталага мужчыны, што пайшоў у грыбы, у 2017 годзе прыйшлі два чалавекі.

За гэты час пра працу анёлаў даведаліся многія, таму многія і дапамагаюць у пошуках.

Атрад супрацоўнічае з міліцыяй. У Валожынскім раёне сталая жанчына пайшла на цягнік. Ішла праз мост, не ўтрымала раўнавагу і ўпала ў раку.

Шукалі сталага мужчыну – у яго былі праблемы з памяццю. Нікога ні аб чым не папярэдзіўшы, знік. Аказалася, што з дома ў Валожынскім раёне сам дабраўся да мінскай кватэры.

У пошуках дапамагаюць супрацоўнікі МНС. Валанцёры хваляць маладзечанскіх выратавальнікаў, кажуць, яны працавітыя і здольныя, да пошукаў ставяцца адказна.

Сваякі зніклых не павінны хлусіць

Калі анёлы валодаюць правільнай інфармацыяй пра зніклага, то могуць знайсці хутка. Дзяцей і падлеткаў знаходзілі цягам гадзіны, таму што ведалі, як сябе паводзяць людзі іх узросту.

Часам сваякі зніклых не хочуць расказваць інфармацыю, якая не самая прыемная. І пры гэтым хаваюць тыя звесткі, што могуць дапамагчы.

Сваякі мусяць шчыра адказаць на 50 пытанняў, з якімі да іх звяртаецца валанцёр. Ад адказаў залежыць, якую методыку пошуку абяруць і, урэшце, ці знойдуць зніклага.

Пра тое, ці злоўжывае чалавек алкаголем, ці дзяліўся суіцыдальнымі думкамі, у якім стане сышоў, важна расказаць так, як ёсць. Гэта дапаможа знайсці сваяка, а інфармацыю ніхто распаўсюджваць не будзе.

Фота з суполкі атрада.

Як далучыцца

Сёлета ля Радашкавічаў будуць зноў ладзіць вучэнні ад атрада «Анёл». Далучыцца можа любы ахвотны. Максім тлумачыць, што наведаць вучэнні варта нават проста для сябе. Каб ведаць, як збірацца ў лес, арыентавацца на мясцовасці і якім чынам сябе паводзіць, каб не заблукаць.

На саміх пошуках навічкоў ставяць разам з дасведчанымі валанцёрамі, якія будуць усё кантраляваць. І першы выезд раяць выбіраць не самы складаны.

Здараецца, некаторыя прыходзяць паспрабаваць сябе ў атрадзе, а пасля першага выезду кажуць, што гэта выпрабаванне не для іх. Гэта нармальна, але дапамагаць у пошуку можна не толькі на выездах. Усё ж гэта і фізічна, і эмацыйна складана. Бывае, валанцёр у пошуках усю ноч хадзіў па складаным лесе, а раніцай мусіў ісці на працу. Такое зможа не кожны.

Як можна дапамагчы

У атрадзе працуюць валанцёры. За сваю дзейнасць яны не атрымліваюць заробак. А ўсе расходы, якія вымагаюць пошукі, пакрываюць самі. Для эфектыўнай працы неабходна абсталяванне. У мінулым годзе база атрада папоўнілася пяццю ліхтарамі. Ёсць і іншыя прыстасаванні, якія палепшылі б вынікі пошукаў.

Базу важна развіваць. З абсталявання патрэбны мегафон, спецыяльны сігнал, што мацуецца на машыне і дапамагае знікламу выйсці на гук.

Адно з самых балючых пытанняў – паліва. Каб даехаць да месца пошуку і вярнуцца, валанцёры скідваюцца. Таму асабліва вітаюць далучыцца людзей з транспартам.

Дапамога можа быць розная. Нехта, напрыклад, раздрукуе арыенціроўкі, іншы – расклеіць іх. Некаторыя адсочваюць каментары пад пастамі пра зніклых. Усё гэта дапамога, дзякуючы якой атрад паспяхова выканае сваю працу. Таму што, хто ведае, яна можа спатрэбіцца кожнаму.

• Текст доступен на языке: Русский