Мужчына на кіруючай пасадзе ў Астраўцы двойчы пракруціў афёру і прысвоіў 2 тысячы рублёў

Мужчына, які займаў кіруючую пасаду ў Астравецкім філіяле Гродзенскага аблспажыўтаварыства, вырашыў пракруціць падвойную афёру, але яна павярнулася крымінальнай справай.

Прычынай усяму стаў фасад аднаго з крам Астравецкага раёна, які патрабаваў рамонту. Юры (усе імёны змененыя) меў непасрэднае дачыненне да аддзелу капітальнага будаўніцтва арганізацыі, таму вырашыў выкарыстоўваць гэта сабе на карысць. Мужчына падрыхтаваў фіктыўныя акты выкананых работ на імя індывідуальнага прадпрымальніка Васіля, хоць апошні ніякага дачынення да рамонту крамы не меў – усё зрабілі падначаленыя Юрыя, якія працавалі ў Астравецкім філіяле аблспажыўтаварыства.

Больш за дзве тысячы рублёў, якія прадпрыемства пералічыла індывідуальным прадпрымальніку, Юры запатрабаваў у Васіля вярнуць, што той і зрабіў. У выніку «прадпрымальны» кіраўнік, за вылікам набытага матэрыялу на рамонт фасада, паклаў сабе ў кішэню каля паўтары тысячы рублёў.

Але гэтага Юрыю здалося мала – літаральна праз месяц ён пракруціў падобную афёру ўжо з рамонтам аднаго з кабінетаў адміністрацыйнага будынка Астравецкага філіяла аблспажыўтаварыства. Схема была ранейшай: усё зрабілі працоўныя кааперацыі, ліпавыя дакументы аформілі на таго ж прадпрымальніка, які потым вярнуў Юрыю 700 рублёў.

Падчас следства Васіль пацвердзіў, што з ім, як з ІП, быў заключаны дагавор на будаўніча-мантажныя работы на аб’ектах Астравецкага філіяла аблспажыўтаварыства, Юры з ім звязваўся з нагоды рамонту крамы, а пазней – кабінета, і яны падпісалі каштарыс. Аднак ніякіх будаўнічых работ Васіль не выконваў, бо ў гэты час быў у запоі. І калі Юры запатрабаваў вярнуць грошы, мужчына не працівіўся, бо ён не выканаў ўмовы дагавора.

У выніку Юры прысвоіў сабе больш за дзве тысячы рублёў, якія належаць Астравецкаму філіялу Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Шкоду ён цалкам кампенсаваў, віну прызнаў і на судзе раскаяўся. Суд прысудзіў мужчыну да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама да штрафу ў памеры 200 базавых велічынь (5 100 рублёў) з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на 5 год.