Фота Настассі Уткінай.

Праўда, пакуль брэсцкага. Як ідэю стварыць адзіную базу станцый пералівання крыві ўвасабляе невялікая прыватная кампанія? Чаго дасягнуў брэсцкі тэхнапарк за некалькі год працы? Якім чынам поспехі бізнес-ініцыятыў уплываюць на нас?

Рэгіянальны інавацыйны цэнтр «Тэхнапарк «ІнКата-Мол» стаў пераможцам конкурсу ініцыятыў, накіраваных на развіццё інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва. Пераможцамі конкурсу сталі восем ініцыятыў, наш рэгіён прадстаўляе толькі тэхнапарк, які размесціцца ў Маладзечне.

Конкурс адбыўся ў межах праекта ЕС-ПРААН «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Сума фінансавання з боку праекта складае 110 тысяч долараў ЗША. Яшчэ 250 тысяч долараў суфінансуюць партнёры ініцыятывы і арганізацыя заяўнік.

Пра тое, як і калі плануе пачаць працу «Тэхнапарк «ІнКата-Мол». Вядома, што да канца 2020 года ў горадзе плануюць паставіць пнеўмакаркасны будынак, у якім і размесціцца тэхнапарк. Рэзідэнтамі кампаніі змогуць стаць 6-7 ініцыятыў. Яны распрацуюць інавацыйныя прадукты і атрымаюць дапамогу, каб давесці ідэю да прадукта і вывесці яго на рынак.

Мы вырашылі распавесці пра тое, якіх поспехаў дасягнуў Брэсцкі навукова-тэхналагічны парк. Гэта дапаможа зразумець, чым будзе карысная ініцыятыва ў Маладзечне і чаго чакаць будучым рэзідэнтам.

Прафесійнае натхненне – заўсёды крок наперад

Каб тэхнапарк мог выконваць функцыі ўстановы, якая спрыяе ініцыятывам і дапамагае на ўсіх этапах працы, самім работнікам трэба пастаянна вучыцца і набываць досвед.

У гэтым найлепш дапамагаюць паездкі да калег. Ігар Леўчанка працаваў вядучым спецыялістам па праектнай дзейнасці, калі ўзяў удзел у паездцы па наладжванні сувязяў з літоўскімі тэхнапаркамі.

Паездка адбылася ў 2018 годзе і доўжылася тыдзень. Акрамя Леўчанкі, у ёй удзельнічалі калегі з брэсцкага тэхнапарка. Усе выдаткі пакрыў еўрапейскі праект мабільнасці MOST. Удзельнікі наведалі бізнес-інкубатар у Вільні, а таксама тэхнапаркі Клайпеды і Коўна.

Падчас паездкі пазнаёміліся з ключавымі работнікамі арганізацый, пабачылі рэжымы працы. Важным было тое, што ўдзельнікі візіту дамовіліся аб супрацоўніцтве.

Леўчанка распавядае, што мадэлі працы ў кожнай з кампаній былі адрозныя. Важным было параўноўваць, як працуюць літоўскія тэхнапаркі і беларускія. Напрыклад, ільготы для рэзідэнтаў існуюць у Беларусі і замацаваныя ў заканадаўстве. У Літве ж такой асаблівасці няма.

Ігар параўнаў еўрапейскі досвед з тым, што атрымаў падчас паездкі ў ЗША. Там ён пабачыў, як бізнес-інкубатары выгадоўваюць стартапы. Прадстаўнік ініцыятывы дзеліцца ідэяй. Калі па меркаванні прадстаўніка інкубатара яна спадабаецца рынку, яны пачынаюць укладвацца ў стартап. Бізнес-інкубатар дае венчурнае фінансаванне, якое няпроста знайсці з іншых крыніц. Калі стартап запрацаваў, то прыносіць інкубатару дывідэнды.

Партнёры з Еўрапейскага Саюза неабходныя для некаторых праектаў, якія фінансуе ЕС. Праграма MOST – лепшы варыянт пазнаёміцца з калегамі, з якімі можна працягваць партнёрства, кажа Ігар.

Леўчанка адпрацаваў у брэсцкім тэхнапарку 3,5 года. За гэты час упэўніўся, што рэзідэнты атрымліваюць рэальную і неабходную падтрымку. Для многіх важныя падатковыя льготы.

– Калі ідэя перспектыўная, рэзідэнту дапамагаюць і абсталяваннем, і памяшканнем. Канешне, тэхнапарк стварае спрыяльныя ўмовы для бізнесу, – падсумоўвае Леўчанка. – Беларусь – ІТ-краіна, таму нам, як нікому, важна ўкараняць распрацоўкі праграмістаў ва ўсе сферы. Тэхнапаркі ў гэтым вельмі дапамагаюць. А абмен досведам з калегамі заўсёды пашырае кругагляд, каб прынесці нейкія паляпшэнні ў сваю працу. У такіх візітах да калег атрымліваеш прафесійнае натхненне, а гэта заўсёды крок наперад.

Дапамагаем з тым, што найбольш трэба

Пра тое, чаго дасягнуў Брэсцкі навукова-тэхналагічны парк, мы папрасілі распавесці дырэктара ўстановы Дзмітрыя Макарука.

Тэхнапарк у Брэсце запусцілі ў 2015 годзе. За гэты час кампанія стала лідарам інавацыйнай структуры Брэстчыны і галоўным бізнес-інкубатарам вобласці.

Арганізацыя дае рэзідэнтам каштоўныя прапановы для развіцця бізнесу. Яны могуць атрымаць кансультацыі па розных пытаннях – юрыдычных, маркетынгавых. Могуць арандаваць памяшканне і нават абстваляванне, што значна памяншае расходы.

Для рэзідэнтаў тэхнапарка стаўка падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання складае 0%, стаўка падатку на прыбытак – 10%.

За час працы ўстанова прыняла 61 рэзідэнта. Усе яны прыйшлі з інавацыйнымі ідэямі, якія з дапамогай тэхнапарка ідуць да рынку.

Адной з распрацовак стала алгарытмізацыя разліку паслуг ЖКГ. Сістэма дазваляе скараціць колькасць работнікаў, якія абслугоўваюць разлік, з 20 да чатырох чалавек. Сістэму ўжо ўвялі больш за 500 кааператываў Брэстчыны.

Стварылі праграму для станцый пералівання крыві

Адной з распрацовак пры садзеянні брэсцкага тэхнапарка стала праграма “Донар” для станцый пералівання крыві. Падрабязней пра яе распавёў суправаджаючы праекта Георгі Журан.

Праграму стварыла прадпрыемства “БелІнфармПраект”. Арганізацыя распрацоўвае медыцынскую сістэму “Лекар”. Мэта сістэмы – аўтаматызаваць і аб’яднаць у адно цэлае аб’екты рэгіянальнай медыцыны – бальніцы, паліклінікі, лабараторыі. У межах гэтай платформы распрацавалі інфармацыйную сістэму “Донар”.

Прынцып сістэмы – адсачыць кроў ад вены да вены. Калі донар прыходзіць здаваць кроў, станцыя атрымлівае аператыўныя звесткі. Гэта дазваляе тут жа адмовіць у донарстве тым, хто не можа здаваць кроў.

Канешне, праверка здадзенага матэрыялу на станцыі абавязковая. Але калі кроў здае чалавек, які не мае на гэта права, бюджэт дарма выдаткоўвае рэагенты і час супрацоўнікаў. Праграма дазваляе не марнаваць сродкі.

Такую сістэму ўжо запусцілі усе станцыі пералівання крыві Брэсцкай і Магілёўскай абласцей. Усе, акрамя адной у Гродзенскай вобласці. Сёлета сістэму запусцяць у Мінску.

Мінская абласная станцыя пералівання крыві, якая знаходзіцца ў Маладзечне, таксама запусціла сістэму летась. Інфармацыю пацвердзіў галоўны доктар установы Уладзімір Світо.

Медыцынская сястра Валянціна Сыракваш працуе ў экспедыцыі. Расказвае, што з сістэмай працаваць нашмат хутчэй і зручней. А навучыцца было нескладана. Стваральнікі софта падказвалі і ва ўсім дапамагалі.

Самае галоўнае, што атрымалі распрацоўшчыкі ад тэхнапарка – адміністрацыйная дапамога. Дзякуючы іх пасярэдніцтву атрымалася знайсці паразуменне з арганізацыямі аховы здароўя. Суразмоўца дадае, што ў Беларусі атрымаць венчурнае фінансаванне рэальна хіба ад парка высокіх тэхналогій. Магчыма і ад дзяржаўнага камітэта навуковых тэхналогій. Але гэтага нашмат прасцей дасягнуць пры пасярэдніцтве тэхнапарка.

База дадзеных праграмы фізічна і юрыдычна знаходзіцца ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій. Звесткі базы абароненыя тэхналогіяй блокчэйн. Яна грантуе, што звесткі немагчыма сцерці.

Сістэма дазваляе атрымаць неабходныя звесткі пра донара да таго, як на яго выдаткаюць рэсурсы, што эканоміць бюджэт.

Кампанія плануе распрацаваць мабільны дадатак для донараў, які будзе даваць патрэбную яму інфармацыю пра аналізы, запіс і даведкі – і не трэба будзе званіць і лішні раз наведваць медыцынскую ўстанову. Таксама распрацоўшчыкі плануюць запусціць магчымасць для сістэмы скідак донарам і ганаровым донарам.

Агулам праграма вычысціць з сістэмы донарства лішнюю працу, аптымізуе работу медыкаў, палегчыць жыццё донарам і ў будучым нават матывуе іх на добрую справу.

Тэхнапаркаў стане больш

Па інфармацыі eufordigital.eu, у Беларусі ствараюць пяць новых тэхнапаркаў. Акрамя Маладзечна, установы размесцяць у Баранавічах, Барысаве, Бабруйску і Оршы. Цяпер у Беларусі працуе 16 тэхнапаркаў. За мінулы год гэтыя ўстановы забяспечылі 500 новых рабочых месцаў. У 2021 годзе адчыняць Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк.

Як далучыцца

Падрабязна пра праект MOST, а таксама пра тое, як да яго далучыцца, можна пачытаць на сайце most-belarus.eu. Гэты праект створаны на пашырэнне кантактаў паміж грамадзянамі ЕС і Беларусі для наладжвання прафесійных кантактаў.

Падрабязнасці пра праект ЕС-ПРААН “Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” чытайце на сайце by.undp.org.

Конкурс адбыўся ў межах праекта «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансаваўся Еўрапейскім саюзам і каардынаваўся ПРААН. Сума фінансавання з боку ЕС складае 110 тысяч долараў ЗША.

“Дапамагаць беспрацоўным не мае сэнсу”. Як збіраюцца развіваць бізнес у Маладзечне і для чаго цягам года запрацуе тэхнапарк

• Текст доступен на языке: Русский