Андрэй Дударчык. Фота tut.by.

8 лютага ў Мінску зладзілі Міжнародны фестываль барадачоў і вусачоў Beard & Moustache Competition. У ім удзельнічаў віляйчук Андрэй Дударчык. Ён заняў у сваёй намінацыі другое месца.

Пра ўражанні ад фестывалю спадар Андрэй падзяліўся з карэспандэнтам «Рэгіянальнай газеты»:

– Конкурс у Мінску ладзілі ўпершыню. Арганізатары – Міжнароднае брацтва барадачоў і вусачоў. Удзельнікаў было каля 90. Людзі з розных краін: былі ўдзельнікі з Даніі, Швецыі, Японіі, Расіі, Бразіліі.

Па словах Андрэя Дударчыка, барадачы і вусачы змагаліся ў дзевяці катэгорыях. Катэгорыя «Барада Гарыбальдзі», у якой удзельнічаў суразмоўца, была самай шматлікай.

Андрэй Дударчык (злева) з іншымі ўдзельнікамі. Фота са старонкі Андрэя Дударчыка ў сацсетках.

Спадар Андрэй адзначыў свабодную атмасферу на мерапрыемстве, прыязныя адносіны да ўсіх удзельнікаў і дух братэрства, які адчуваўся вельмі востра, хоць усіх удзельнікаў віляйчанін бачыў упершыню.

Удзельнік з Вілейкі быў у казацкім мундзіры. Але былі і яшчэ касцюмаванныя барадачы і вусачы: нехта – у касцюме Мікалая Другога, нехта – у беларускай вышыванцы.

Конкурс ладзілі проста: аб’яўлялі удзельнікаў, а яны дэманстравалі свае бароды або вусы.

– Гэта вельмі правільны падыход, – лічыць пераможца. – Не было ніякіх візітовак і мастацкіх нумароў. Журы ацэньвалі выключна тое, што павінны былі ацэньваць.

Андрэй Дударчык падзяліўся, што ў наступным годзе, калі будзе магчымасць, таксама паўдзельнічае ў фестывалі. А яшчэ падцягне іншых знаёмых барадачоў.

• Текст доступен на языке: Русский