У лютым работнікі бюджэтнай сферы пачалі атрымліваць разліковыя лісты за студзень. Гэта першы месяц, дзе заробак разлічылі па новых правілах.

Пасля гэтага пачаліся абмеркаванні, што разлічаная па-новаму зарплата ніжэй за снежаньскую, разлічаную па ранейшых схемах. Напрыклад, у работнікаў некалькіх школ Гродна раптоўна ўпаў заробак.

Міністэрства працы і сацабароны запэўнівае, што трымае на кантролі сітуацыю па налічэнні заробку бюджэтнікам. У гэтых гродзенскіх школах бухгалтэрыя няправільна налічыла зарплату. Не ўлічылі адну са стымулюючых выплат. Гэта і прывяло да памяншэння налічанай зарплаты.

Калі ў работнікаў бюджэтных арганізацый пры параўнанні зарплат за снежань і студзень ёсць пытанні, спачатку звярніцеся ў бухгалтэрыю. Калі не вырашыце пытанні, звяртайцеся ў Міністэрства працы і сацабароны. Пры гэтым не абавязкова называць прозвішча, дастаткова ўказаць арганізацыю.

Інфармаваць міністэрства можна праз тэлефон інфалініі (8-017) 309-9-309, электронную пошту mlsp@mintrud.gov.by або сацыяльныя сеткі міністэрства.

Што змянілася

Новая сістэма налічэння заработнай платы бюджэтнікам замяняе тарыфную стаўку першага разраду базавай стаўкай. Тарыфных разрадаў стала менш – замест 27 стала 18. Скарацілі колькасць даплат і надбавак.

Новаўвядзенні павінны зрабіць разлік заробку больш простым і лагічным. Але разам з тым абяцалі, што агульная сума не ўпадзе.

• Текст доступен на языке: Русский