Фотаздымак, які стаў адным з апошніх. Іван Драўніцкі ў цэнтры. Фота забяспечанае аўтарам.

Два гады таму, 13 лютага 2018 года, адышоў у вечнасць педагог і краязнаўца Іван Пятровіч Драўніцкі. А яшчэ ў маі 2017-га сваякі і сябры за адным сталом адзначалі яго 85-годдзе, і юбіляр нават танцаваў на свяце…

Апошні здымак

Праўда, урэзаліся ў памяць словы, калі ён прапанаваў нам, дзецям, сабрацца для агульнага здымка: «Хадзіце, бо больш не збяромся». Памятаю сваё абурэнне, маўляў, не трэба гаварыць так, і на наступны год збяромся…

Не збяромся. Так сталася, што той здымак стаў адным з апошніх для яго адзінага сына Івана, які трагічна загінуў 24 жніўня 2017 года. Менавіта гэта падзея стане пакутлівай кропкай зваротнага адліку для бацькі.

Іх і пахавалі побач – сына і бацьку, абодвух Іванаў…

Часам так бывае, што, толькі страціўшы, пачынаем разумець вартасць страчанага. Гэта тычыцца і мяне. Толькі папрацаваўшы з архівам бацькі, пагартаўшы гісторыю ліставання, я зразумела абсягі, а дакладней, неабсяжнасць яго памкненняў. Аўстралія, ЗША, Германія, Польшча, Літва, Расія…

Прыродная ўласцівасць – дакапацца да сутнасці, глыбей раскрыць тэму штурхала яго ў дарогу. Ён быў частым госцем мядзельскага краязнаўчага музея, архіваў у Глыбокім, у Вільні, Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску, вядучых бібліятэк Санкт-Пецярбурга.

Веданне іншых моў дазваляла працаваць з дакументамі напрамую, без перакладчыкаў. Натхнілі займацца краязнаўствам стасункі з неабыякавымі да гісторыі людзьмі. Алесь Рылько, Іосіф Быхавец, Мікола Ермаловіч, Адам Мальдзіс, Генадзь Каханоўскі, Яўген Рапановіч, Мікола Улашчык, Яраслаў Звяруга, Міхаіл Чарняўскі, Канстанцін Каратай, Якуб Якубоўскі – і гэта далёка не поўны спіс…

Лёсы людзей, гісторыя краю яго цікавілі даўно. Але ўшчыльную заняцца любімай справай змог толькі тады, калі выйшаў на пенсію. А адшчыраваў Іван Пятровіч на ніве адукацыі 48 год. І яшчэ 14 вёў краязнаўчы гурток. Агулам цягам 62 гадоў займаўся выхаваннем дзяцей.

Артыкулы, даследаванні, кнігі

Бацька цікавіўся фальклорам, тапанімікай, лакальнай гісторыяй, ураджэнцамі мясцовасці. Геаграфічна тэрыторыя даследаванняў супала з тэрыторыяй водазабору ракі Страчы і яе прытокаў: Астравеччына, Мядзельшчына, Пастаўшчына. Адшуканым шчодра дзяліўся з грамадскасцю. Пісаў у сваю раёнку «Нарачанскую зару». Тут надрукавалі «Літаратурную карту Мядзельшчыны» – адмысловы праект, які прадставіў імёны літаратараў, што нарадзіліся або працавалі на Мядзельшчыне. І гэта ён зрабіў, калі крыніцамі ведаў былі ўласная дасведчанасць, перыядычны друк, энцыклапедыі, гутаркі з людзьмі, а не інтэрнэт. У раёнцы друкавалі артыкулы, якія потым увойдуць у кнігу «Памяць. Мядзельскі раён». Іван Пятровіч уваходзіў у групу па падрыхтоўцы кнігі. У групу «такіх дурняў, як я сам», казаў ён. Гэта азначала – такіх жа апантаных краязнаўцаў.

Змястоўныя артыкулы з’яўляліся на старонках «Рэгіянальнай газеты», «Мінскай праўды», «Голаса Радзімы», у «Нашым слове», «Пастаўскім краі», «Астравецкай праўдзе», «Glos znad Niemna» .

Ад 2004 года высілкамі аб’яднання «Сумежжа» асобнымі кнігамі надрукавалі яго даследаванні «Мая Віленшчына», «Мястэчка пры Полацкім тракце», «Касцёл у Кастанцінаве», «Пацеркі хваляў і соснаў бурштын» (у суаўтарстве), «Сядзібны дом Раманішкі і яго гаспадары», «Прафесар музыкі з Камай», «Былыя сядзібы і паркі Паазер’я. Мядзельшчына» (разам з Міколам Гілем), «Мастакі з дынастыі Ромераў». «Тутэйшая. Гэлена Ромер-Ахенкоўская», «У мядзведжым кутку», «Легенды і паданні Нальшчанскага Паазер’я», «Наваколле Сарачанскіх азёр», «На правабярэжжы Страчы», «Пастаўская беларуская настаўніцкая семінарыя». У іншых выдавецтвах з’явіліся кнігі «Смарагдавы край», «Спадчына Міжазер’я», «Мы з іманам жывём на зямлі Беларусі» (разам з Таццянай Якубоўскай), «Наднарочча ў легендах і паданнях».

Вынікам размоў з аднавяскоўцамі і жыхарамі навакольных вёсак, працы ў архівах стала кніга «Мы памятаем, мы ганарымся!». У ёй – звесткі пра ўдзельнікаў Другой сусветнай, якія па розных прычынах былі забытыя. Апошняя кніга «Пастаўскае педагагічнае вучылішча ў люстэрку часу» выйшла на пачатку лютага 2018 года. Аўтар яшчэ паспеў патрымаць яе ў руках.

Школьніцтва было яго стыхіяй

Маштабы зробленага ўражваюць. І ахоплівае туга, што не ўсё паспеў зрабіць, расказаць. Застаўся незавершаным радавод Драўніцкіх. А ўдалося расшукаць звесткі пра продкаў да 17 стагоддзя. З гэтага роду паходзіць вынаходнік парашута, паветраплавальнік, першая жанчына-паветраплавальнік, паэт. Удалося адшукаць герб роду, радавое памесце. Не паспеў… Засталося марай жаданне зрабіць музей школьніцтва. Адзінае, што паспеў – дамагчыся таго, каб надаць будынку школы, у якім адпрацаваў больш за паўстагоддзя, статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. А ўнікальнасць будынка ў тым, што ён застаўся фактычна адзіным на тутэйшых абсягах, захаваным без перабудоў і перапланіровак са ста школ, пабудаваных на тэрыторыі былога Віленскага краю ў першай палове 20 стагоддзя.

Школьніцтва было яго стыхіяй. Энергетыка дзіцячага калектыву адпавядала яго тэмпераменту. Гэта быў настаўнік, убачыўшы якога, дзеці ўсміхаліся, бо чакалі трапнага слоўца, жартаўлівага пытання. З 62 гадоў працы сорак працаваў дырэктарам. Адміністрацыйную працу складана спалучаць з творчай. Але ён знаходзіў час, каб зладзіць калядкі, творчую вечарыну, нестандартны ўрок. Мог закасаць рукавы, замяшаць гліну і адрамантаваць школьныя печкі, пачысціць комін, замяніць шкло. Падсобныя памяшканні каля школы будаваліся пры непасрэдным удзеле дырэктара.

Сёння зараслі школьныя сцежкі. Марнее будынак, зачынены каля дзесяці год таму. Марадзёры варварскі абыходзяцца з элементамі інтэр’еру яшчэ польскага часу. Дажывае яблыневы сад, пасаджаны няўрымслівым дырэктарам на месцы забалочанай пусткі праз дарогу ад школы.

Той сад дзякуючы намаганням Івана Пятровіча некалі зрабіўся чароўным. Там цягнула доўгую шыю жырафа, грэлася чарапаха, з рачулкі выпаўзаў на бераг кракадзіл. Стаяла некалькі адмысловых альтанак. Школьны сад быў любімым месцам адпачынку. Віравала жыццё і ў школе. Запомніліся этнаграфічныя вечары «Бабулін куфэрак», «Лучынка», «Вяселле ў Камарове».

У школе ладзілі выставы вядомых мастакоў, дзейнічалі гурткі. Дзеці ахвотна працавалі на такарных станках, выпальвалі на дрэве, чаканілі па медзі, стваралі кампазіцыі з прыроднага матэрыялу. Штогод адпраўляліся ў падарожжы. На адкрытых грузавых машынах ездзілі ў Вільню, Ленінград. Хадзілі ў паходы – Кайміна, Сарачанскія азёры, Швакшты, Страча, Блакітныя азёры. Распрацавалі шмат турыстычных маршрутаў.

Шмат гадоў Іван Пятровіч вадзіў пешаходныя экскурсіі па ландшафтным заказніку «Блакітныя азёры». Прырода натхняла і на паэтычную творчасць. У творчасці бацькі з’явіліся песні «Камароўская паходная», «Песня пра Нарач».

Жыццё – як прыклад для нашчадкаў

Ён заўсёды крочыў разам з часам: асвоіў камп’ютар, сучасны фотаапарат, сканер. Меў акаўнт у Фэйсбуку, электронную скрыню, камунікаваў па скайпе.

Цяжка пісаць пра блізкага чалавека ў мінулым часе. Але прыйшло разуменне, што яго жыццё, ім напісанае, належыць не толькі нам, сямейнікам.

Яго дзяцінства было апаленае вайной, яму выпаў лёс станавіцца на крыло ў складаныя пасляваенныя дзесяцігоддзі, жыць у часы адлігі, застою, развалу СССР, станаўлення незалежнасці. Але яго жыццё можна цалкам назваць шчаслівым – бо жыў і працаваў дзеля сваёй Бацькаўшчыны – Беларусі. І яго жыццё ёсць прыклад самаахвярнага ёй служэння. Прыклад нам, нашчадкам.

• Текст доступен на языке: Русский