Фота Радыё Свабода.

Каб зрабіць дзяржаўны герб «больш сучасным», дададуць залатога колеру, а зорку зробяць «менш мілітарысцкай», піша Радыё Свабода.

Распрацоўвала праект закону аб зменах у закон аб дзяржаўных сімвалах Міністэрства юстыцыі. Там карэспандэнту Свабоды паведамілі, што прапануюцца «нязначна адрэдагаваныя» эталонныя выявы дзяржаўнага герба ў адным, двух і многіх колерах.

Над зменамі ў выяве герба, якія ў міністэрстве называюць «тэхнічнымі», працавала геральдычная рада пры прэзідэнце Беларусі.

У верхняй частцы герба падкарэктавалі выяву зоркі. Яна прадстаўлена ў плоскасным варыянце з контурнай абводкай, і краі промняў маюць нязначны нахіл, там мяняецца градыент.

Гэта робіцца дзеля таго, каб выява герба была больш аб’ёмная. Цяпер усё часцей кажуць пра 3Д-выяву, і трэба, каб герб глядзеўся яшчэ прыгажэй», — сказалі ў прэс-службе міністэрства.

  • Мадэляванне формы каласоў у правай і левай частках прыведзена ў дэкаратыўным варыянце.
  • Змяніліся канцы асцюкоў, выявы кветак канюшыны і лёну сталі больш аб’ёмнымі
  • Удакладнена выява стылізаванага контуру тэрыторыі дзяржавы
  • Выявы мацерыкоў сталі больш выразнымі і геаграфічна выверанымі
  • Сеткі паралеляў і мерыдыянаў не будуць ярка выяўленымі, стануць танчэйшымі.
  • Больш выразным будзе мастацкае рашэнне стужкі з надпісам «Рэспубліка Беларусь».

Зялёны контур Беларусі замянілі на залаты, каб ён лепш спалучаўся з сонечнымі промнямі.

У Міністэрстве юстыцыі патлумачылі, што канкрэтныя тэрміны замены старога герба на абноўлены ва ўстановах не вызначаныя. «Да эталону мы прыйдзем паэтапна, паступова. Не трэба будзе імгненна выдзяляць фінансавыя сродкі для замены», — сказалі ў міністэрстве.

Дэпутат палаты прадстаўнікоў Віктар Свіла сказаў карэспандэнту Свабоды, што замена афіцыйнага герба зь зялёным контурам на герб з залатым контурам будзе адбывацца паступова, і гэта не запатрабуе дадатковых сродкаў з бюджэту.

«Каштаваць не будзе ніколькі, бо змест нашых сімвалаў не мяняецца. У законапраекце прадугледжаны пераходны пэрыяд. Ён не вымушае ўласнікаў траціць нейкія сродкі на іх замену проста цяпер, адразу як будзе прыняты гэты закон. Наогул, бюджэт не панясе выдаткаў», — сказаў дэпутат.

Аўтарам цяперашняга герба Беларусі раней называў сябе Леанід Сініцын, які ў 1995 годзе быў кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта. Ён сказаў, што маляваў эскіз, які дапрацаваў мастак. Дагэтуль няма пэўнасці, хто з мастакоў давёў справу да канца, зрабіў каляровае афармленне. Хадзілі чуткі, што герб дамалёўваў сын народнага мастака Міхаіла Савіцкага Андрэй.

Аўтар «зорачкі» на гербе, як сцьвярджаў Сініцын, — Іван Ціцянкоў, былы кіраўнік спраў прэзідэнта.

Падставай для зменаў сталі прапановы грамадзян.

• Текст доступен на языке: Русский