Фота Настассі УТКІНАЙ.

13 лютага стала вядома, што аддзел спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама на пацвердзіў поўную фінансавую адказнасць і ўдзел ФК «Маладзечна» у Першай лізе. Райвыканкам з’яўляецца заснавальнікам клуба.

Ліст аб гэтым за подпісам начальніка аддзела Рамана Кузняцова накіравалі ў АБФФ.

Пазней «Трыбуна» паведаміла, што ФК «Маладзечна» расфарміруюць.

Клубы з Чысці і Маладзечна плануюць аб’яднаць

Карэспандэнты «Рэгіянальнай газеты» сустрэліся з Раманам Кузняцовым, каб высветліць, што на самой справе адбываецца з маладзечанскай камандай.

— Ніхто не збіраецца разваліць маладзечанскі футбол. Плануем аб’яднаць «ФК Маладзечна» і «Андэрдог» у адну каманду. Я не адзін вырашаю гэта, пра гэта размаўляў са старшынёй выканкама, а потым і са старшынёй Мінаблвыканкама.

Кузняцоў адзначыў, што размаўляў з кіраўніцтвам чысцінскага і маладзечанскага клубаў.

— Прапанаваў камандам аб’яднацца. Маладзечна не хоча, а Чысць — за. Размаўляў з Ярамчуком з «Тэсла клаб», і ён ідэю падтрымаў.

Кузняцоў не ведае, якая назва будзе ў аб’яднанага клуба. Ён запэўнівае, што гісторыю і традыцыі маладзечанскага футбола ніхто не збіраецца знішчаць. Магчыма, будуць будаваць брэнд на назве «Андэрдог».

Дзяржфінансаванне для ФК «Маладзечна»

Начальнік аддзела спорту кажа, адна з галоўных задач — адыйсці ад дзяржаўнага фінансавання клуба.

— Каманды, якія гэта зрабілі некалькі гадоў таму, ужо сталі брэндамі. Цяпер усе адыходзяць ад дзяржаўнай падтрымкі. Паглядзіце на «Дынама-Брэст» ці БАТЭ, яны не атрымліваюць столькі сродкаў на развіццё ад райвыканкамаў.

Райвыканкам лічыць, што клуб павінен стаць прыватным, таму што футбол – гэта бізнес.

Фота Андрэя Рагінскага.

А што з дзіцяча-юнацкім футболам?

Кузняцоў распавёў, што ФК «Маладзечна» не ўзаемадзейнічала з дзіцяча-юнацкім футболам:

— Мы зацікаўленыя не ў выніку аднаго сезона, а ў перспектыве. Колькі маладзечанскіх футбалістаў гулялі ў мінулым сезоне ў камандзе? У такім выпадку заўсёды прыводжу прыклады камандаў, якія таксама гуляюць з футбалістамі пераважна з іншых гарадоў. Гэта Узда і Клецк. У гэтых камандах толькі адзін ці два выхаванца са свайго горада. А вось у Стоўбцах большасць гульцоў сваіх.

Начальнік аддзела сказаў, што ў мінулым годзе каманда заняла трэцяе месца ў Другой лізе, аднак, на яго думку, перспектывы няма. Усё з-за таго, што гулялі дарослыя футбалісты, а сваіх маладых практычна няма.

— Каманда праводзіла аднаўленчыя зборы ў снежні. Выйшлі ў Першую лігу, ведаюць жа, што склад зменіцца прыкладна на 70%. Навошта было праводзіць такі збор?

Кузняцоў распавёў, што ў хуткім часе плануюць правесці збор для прагляду двух камандаў:

— Будзем праводзіць збор, на якім будзе прыкладна 60 футбалістаў. трэба 40 адмесці, а 20 пакінуць. Таксама ідзе абмеркаванне кандыдатур на пасады. Галоўны трэнер Вяргіенка — пад пытаннем, яго можа змяніць замежны спецыяліст.

Такім чынам, райвыканкам разглядае аб’яднанне як варыянт развіцця маладзечанскага футбола: сысці ад дзяржфінансавання і стварыць паўнавартасную структуру, дзе будзе месца для футбалістаў-выхаванцаў з Маладзечна.

Раман Кузняцоў адзначыў, што плануюць правесці сустрэчу з заўзятарамі каманды, каб патлумачыць сітуацыю.

• Текст доступен на языке: Русский